Skip to main content

Як навучыцца духоўнаму палёту ад арлоў або аб чым размаўлялі ў апошні дзень рэкалекцый "Open"

Арол - гэта адзіная птушка, з якой Бог параўноўвае Свой народ. Таксама ў Бібліі ёсць некалькі месцаў, дзе Гасподзь і Сябе параўноўвае з арлом. Таму, вывучаючы жыццё гэтай птушкі і пераводзячы гэта ў нашае духоўнае жыццё, можна шмат зразумець і шмат чаму навучыцца. Менавіта гэтую тэму для разважанняў выбраў кс. Павел Рудзьман для завяршальнага дня моладзевых рэкалекцый.

Святар падзяліўся з прысутнымі некалькімі прыкладамі з жыцця гэтай дзівоснай птушкі і прапанаваў маладым людзям прыпадобніцца ёй у сваім уласным жыцці.

Арлы манагамны. Яны жывуць сем'ямі і выбіраюць сабе пару на ўсё жыццё. 

Арлы - гэта птушкі, якія ўзнімаюцца на вышыні, недаступныя ніякім іншым відам птушак. Яны лятаюць вышэй за ўсіх, пры гэтым, іх, канешне, можна сустрэць і на зямлі. Так і той, хто лічыць сябе добрым хрысціянінам, пырхаючы высока, павінен спускацца да ўзроўня чалавека, якога ён хоча прывесці да Бога, а не грэбліва звяртацца да яго з вышыні сваёй "дабрадзейнасці".

Арлы бачаць усё, што адбываецца навокал. Кут агляду ў іх - 360 градусаў. Яны не проста глядзяць, яны бачаць. Так і хрысціянін, ён павінен бачыць, ахопліваць поўную карціну, каб заўважаючы дрэнныя якасці чалавека, не забываць пра яго станоўчыя рысы.

Адзіны вораг арла - гэта змей. Толькі змей можа дабрацца да арлінага гнязда, якое будуецца на высокай скале, і знішчыць ягонае нашчадства. Таму да змея ў арла самае негатыўнае стаўленне, і калі ён бачыць змея, то не супакоіцца да таго часу, пакуль не адалее яго.

Арляняты п'юць кроў сваіх бацькоў, каб узмацніцца, пакуль залежаць ад іх. "Нічога не нагадвае?" - заўважыў кс. Павел.

Калі арла наганяе бура, ён змагаецца. Галоўнае - на працягу двух хвілін пратрымацца ў бушуючай стыхіі, і затым арол трапляе ў штыль. Можа часам і патрэбна толькі крыху цярплівасці, намаганняў, каб жыццё зноў здабыла раўнавагу або зайграла новымі, больш яскравымі фарбамі. Ўсё ж такі, пасля буры заўсёды становіцца ясней.

Навукоўцамі даказана, што арлы не маюць імпульсаў злосці. Яны ўмеюць прабачаць.

Адной з самых цікавых асаблівасцей арлоў з'яўляецца тое, як яны вучаць самастойнасці сваіх птушанят. Бацькі выштурхваюць птушанят з утульнага гнязда. У большасці выпадкаў спрацоўвае інстынкт, і арляняты выпростваюць свае крылы. Аднак для многіх птушанят гэтае падзенне магло б скончыцца катастрофай, калі б не падаспела своечасовая дапамога бацькоў. Калі птушаня падае, арол падстаўляе свае крылы і зноў імчыць сваё дзіця на вышыню. Так працягваецца бясконцая колькасць разоў, пакуль птушаня не навучыцца лятаць. Выснова? Дзве! Калі выпадаеш са сваёй зоны камфорту, гэта толькі шанец, каб узрастаць і развівацца. І Бог заўсёды дапаможа, толькі не адмаўляўся ад уласных намаганняў.

"Як арол прынукае лятаць птушанят сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх, ды нясе на крылах сваіх, так Госпад Сам вадзіў яго, і не было з ім бога чужога" (Другазаконне 32, 11-12). 

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская