Skip to main content

У Гродзенскай семінарыі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі

З 10 па 13 лютага клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалі велікапосныя рэкалекцыі, якія ў гэтым годзе правёў кс. бп Аляксандр Яшэўскі SDB. Святыя рэкалекцыі — гэта справа Боска-чалавечая, таму напачатку кс. бп. Алякасандр заклікаў клерыкаў усвядоміць дзве справы: тэму рэкалекцый і іх мэту. Тэма сёлетніх духоўных практыкаванняў гучала так: "Сведкі евангельскага радыкалізму".

На пачатку канферэнцыі рэкалекцыяніст адзначыў, што можна вельмі лёгка стаміцца, змучыцца і адчуць нуду нават у Божым служэнні — страціць смак любові і блізкасці Бога. Таму першая мэта рэкалекцый на шляху евангельскай радыкальнасці датычыла прагнення стаць падатлівымі на дзеянне Святога Духа, каб дзякуючы гэтаму здзейсніць выбар, згодны з Божай воляй і нашым пакліканнем. “Кожныя рэкалекцыі з’яўляюцца часам вяртання да гісторыі, да гісторыі свайго жыцця, жыцця чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і душпастырскага. Трэба ўбачыць дзеянне Бога ў нашым жыцці”, – адзначыў рэкалекцыяніст.

Жаданне ўбачыць нанова, што ўчыніў для нас Пан, — наступная мэта рэкалекцый. На другі дзень духоўных практыкаванняў кс. бп Аляксандр заахвоціў клерыкаў падумаць аб тым, што, напэўна, не ўсё ўдалося рэалізаваць з узятых пастановаў падчас рэкалекцый год таму і нанова сказаць: “Пане Божа, прабач”. Бог чакае ад нас вялікай актыўнасці і ўдзелу. Патрабуе ад нас нястомнага шляху навяртання.

Унутранае аднаўленне — трэцяя мэта рэкалекцыйных дзён. У апошні дзень рэкалекцый кс. бп. Аляксандр акцэнтаваў увагу на тым, што кожны клерык павінен задумацца і паразважаць: ад чаго пазбавіцца, чаго пазбягаць, што дадаць, на чым сканцэнтравацца, каб добра перажываць сваё пакліканне.

Вызначэнне свайго шляху на будучыню павінна быць з’яднана з просьбамі, скіраванымі да Бога, каб пасылаў святло для выканання пастановаў, моц, каб трываць у іх. Гэтая просьба стала асноўнай мэтай апошняга дня сёлетніх велікапосных рэкалекцый.

Паводле wsd.grodnensis.by