Skip to main content

Удзельніцы калядных рэкалекцый для дзяўчат дзеляцца сваімі ўражаннямі

Некалькі дзён таму ў доме сясцёр-назарэтанак у Навагрудку праходзілі калядныя рэкалекцыі для дзяўчат п. н. "Мой шлях да Бэтлеема". Ніжэй дзяўчаты дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля перажытых духоўных практыкаванняў. Цікавых запрашаем пазнаёміцца з артыкулам.

 

Вольга Снітко

Дзякуй вялікі манахіням і святарам, якія расклалі мае думкі па паліцах. Няхай нават не да канца і ненадоўга, але ўсе яны стараліся. Канферэнцыі і малітвы, сведчанні і адарацыі дапамаглі зазірнуць у глыб нашых сэрцаў і знайсці свой шлях. Але ў выніку атрымалася, што ўсё не так ужо і проста.

Часам у жыцці ўзнікаюць цяжкасці, здаецца, што наступіла поўная цемра і ніякага світання на гарызонце не відаць. Як цяжка ў такія моманты дачакацца гэтага світання! Задаеш Богу пытанні, якія цябе мучаюць, але Гасподзь чамусьці не адказвае. Пачынаеш наракаць і вінаваціць людзей, што навокал. Але я зразумела. Калі Гасподзь не адказвае нам на нашыя пытанні, значыць, для гэтага ў Яго ёсць сур'ёзныя падставы. Праз гэтыя цяжкасці Ён хоча, каб мы знайшлі тую сваю дарожку, па якой прыйдзецца рухацца ўсё жыццё. Варта толькі крыху пад іншым вуглом зірнуць на сваю сітуацыю, і можна зразумець, што гэта ўсё адбываецца толькі для нашага дабра. Прарок Ісая запэўніваў пакутнікаў: "... не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусціўся" (Іс. 8,22). Для тых, хто спадзяецца на Госпада, узыдзе сонца і ў святле бясконцай радасці перажытыя цяжкасці не будуць ужо здавацца няшчасцем.

Вераніка Масюкевіч

Падчас рэкалекцый мы шмат разважалі над Словам Божым, удзельнічалі ў адарацыі, хадзілі ў касцёл Св. Міхаіла на св. Імшу (якая, на здзіўленне, прайшла вельмі хутка, бо там можна было сапраўды заледзянець). Таксама мы глядзелі фільмы, праводзілі супольны вясёлы вечар і давалі свае сведчанні ў групах.

Але самае галоўнае, я ўпэўнена, што кожная дзяўчына, якая перажывала ўсё гэта, навучылася шукаць радасці ў дробязях, адкрые нанова Езуса і паселіць Яго ў сваім сэрцы.

Ванда Шаюк

Гэтыя рэкалекцыі былі для мяне не запланаваныя, але, відаць, так хацеў Бог.

Рэкалекцыі праходзілі ў вельмі прыемнай атмасферы. Нават кароткая святая Імша на распачацце сустрэчы прынесла свой плён, паказала, што Богу не трэба шмат часу для таго, каб адкрыць сэрца кожнага.

Асабліва хачу адзначыць працу ў групах, падчас якой мне давялося даць сведчанне са свайго жыцця. Прыемна чуць, калі хтосьці становіцца бліжэй да Бога дзякуючы рэкалекцыям і чыйму-небудзь прыкладу.

Елізавета Богуш

Гэта ўжо мае 9 рэкалекцыі ў сясцёр назарэтанак, але кожны раз Гасподзь умудраецца сказаць і паказаць мне штосьці новае. У гэты раз Ён падарыў мне зімовую казку, даў магчымасць жывых зносін з Ім, даў магчымасць служыць іншым людзям, падарыў мне людзей-праменьчыкаў, якія дапамагалі мне напаўняцца любоўю і шчасцем, паказвалі і распавядалі мне шмат і змаглі выслухаць мяне, што было так неабходна. Ён задаў мне шмат пытанняў, на якія мне яшчэ трэба будзе адказаць. Але цяпер я хачу і буду нястомна шукаць тую дарогу, якая прывядзе мяне да неба ...

Паводле матэрыялаў vk.com