Падарожжа на еўрапейскую моладзевую сустрэчу Taize пачалося з гукаў гармонікі, адзін з удзельнікаў пілігрымкі нястомна граў і спяваў калядкі падчас усяго шляху ў Валенсію. Па дарозе ў Гішпанію спыніліся на начлег у Страсбургу, дзе раней таксама праводзілася сустрэчы Taize, і заехалі ў Барселону з экскурсіяй па Sagrada Familia.
І нарэшце Валенсія! Сустрэў нас пах мандарынаў, якія раслі паўсюль, і валанцёры Taize. Пасля нас пачалі рассяляць у сем'і. Нашай групе ў 15 чалавек (дарэчы, з Беларусі ў Taize ўдзельнічала больш за 150 чалавек) да месца пражывання трэба было ехаць каля гадзіны на цягніку. На месцы нас ужо чакалі парафіяне з велізарным плакатам, што было вельмі прыемна.
Мяне з сяброўкай засялілі ў двухпавярховы дом, дзе жыла бабуля з сабакам. Бабуля не ведала ніякай мовы, акрамя гішпанскай, таму зразумець адзін аднаго нам было цяжка. Гішпанка часта частавала нас мандарынамі, якія раслі ў яе садзе, і kaki - хурмой.
Кожную раніцу на працягу чатырох дзён разам з моладдзю з усякіх краін (якія жылі ў адной з намі парафіі) мы ўдзельнічалі ў ранішняй малітве на працягу паўгадзіны. Пасля моладзь разбівалася на маленькія групы і разважала над прапановамі братоў Taize. Усяго было пяць прапаноў: даверыць сябе Богу, які ёсць міласэрны; прабачыць зноў і зноў; падыходзім да сітуацыі непакою, самастойна ці з кім-небудзь; пашыраць міласэрнасць у сацыяльным аспекце; міласэрнасць для ўсяго стварэння. Найбольшы водгук сярод прысутных выклікала другая прапанова - прабачыць зноў і зноў. Моладзь з Францыі прызналася, што разумее важнасць прабачэння, але ў святле апошніх падзей вельмі цяжка знайсці ў сабе сілы, каб прабачыць.
Калі мелі вольны час, мы глядзелі славутасці горада. Былі ў акіянарыі, пячорах св. Юзафа і г. д.
Увечары ўдзельнічалі ў галоўнай малітве Taize. Адзначу, што першы раз было вельмі цяжка сканцэнтраваццца, бо ў памяшканні, де маліліся, прысутнічала некалькі тысяч чалавек.
У апошні дзень перад выездам бабуля, у якой мы жылі, пачаставала нас нацыянальнай гішпанскай стравай - паэлья - рыс, бабы і курыца.
Пасля развітання паехалі назад у Беларусь. Па дарозе дадому ночылі ў Люрдзе, дзе раніцай мелі магчымасць наведаць мясцовы касцёл і памаліцца каля гроты, дзе аб'яўлялася Маці Божая.
Маю надзею, што ў наступным годзе атрымаецца паехаць на Taize ў Рыгу.
Вольга Сяліцкая