З 11 па 13 снежня ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі для душпастырства службы аховы здароўя. У чарговы раз 60 чалавек сабраліся на спатканне з Богам, каб паслухаць, што Ён скажа кожнаму з іх, і падрыхтавацца да свята Раства Хрыстова.
Паглыбляць адносіны з Богам, умацоўвацца ў веры, адкрываць сэрцы на Божае слова дапамагаў удзельнікам рэкалекцый айцец з ордэна дамініканаў Віталь Сапега ОР. На працягу трох дзён медыкі разважалі над праблемай духоўных хвароб - асноўнай тэмай рэкалекцый.
Каб лепш зразумець, як дзейнічаюць механізмы духоўных хвароб і больш шырока глядзець на чалавека, айцец Віталь спачатку спыніўся на філасофскіх паняццях св. Тамаша Аквінскага аб чалавеку і яго душы.
Затым, звяртаючыся за прыкладамі да Святога Пісання, святар распавёў пра кожны з галоўных грахоў і паказаў метады барацьбы з імі.
“Каб пазнаць сваё цела, запанаваць над ім і падпарадкаваць яго Божай волі, сёння павінна практыкавацца аскетыка, - заклікаў а. Віталь. – Вельмі важна знайсці час для цішыні, вылучыць свае дрэнныя схільнасці, умацніць душу і цела пастом, а таксама быць духоўна працавітымі, трываць у малітве і пакліканні”.
“Толькі з Езусам нашае жыццё можа быць поўным, можа набіраць сэнс і прыносіць плён, – адзначыў рэкалекцыяніст. – А Слова Божае вучыць таму, што карыснае, і накіруе на шлях, якім трэба ісці”.
Найважнейшай часткай рэкалекцый была святая Імша і адарацыя. Усе прысутныя маглі скарыстацца з ласкі сакраманту споведзі.
Караліна Буторына