Skip to main content

У Жамыслаўлі ўрачыста адзначылі 15-ці годдзе капліцы

жамысль 2Нядзеля 22 лістапада стала важным днём для в. Жамыслаўль (Іўеўскі раён). Сваё 15-цігоддзе адзначыла капліца пад назвай Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай.

У в. Жамыслаўль доўгі час не было святыні. У суседняй весцы Суботнікі, да парафіі якой і адносіцца Жамыслаўль, знаходзіцца касцёл св. Уладыслава. Але не ва ўсіх людзей, асабліва ў сталага пакалення, была магчымасць прыехаць або прыйсці на Імшу ў Суботнікі. Нядзельная св. Імша, а таксама штодзённыя набажэнствы адбываліся ў мясцовым жамыслаўльскім палацы Умястоўскіх (дзе таксама знаходзіліся кантора, сельскі клуб і бібліятэка). Летам Імша адбывалася на верандзе паміж калонамі. Людзей было шмат, а пастаяннага месца для малітвы і катэхезы не было. З цягам часу стан палаца пагаршаўся, і знаходзіцца ў ім стала небяспечна. Таму востра паўстала пытанне аб заснаванні ўласнай святыні.

У 2000 годзе пробашч суботніцкай парафіі кс. Францішак Галдысь, які належыць да ордэна Хрыстусоўцаў (менавіта таму капліца носіць тытул Хрыста Валадара), распачаў працу над пабудовай капліцы. І ўжо 18 лістапада таго ж года адбылося асвячэнне святыні і першая ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

У нядзелю 22 лістапада капліца, як і 15 год таму, прымала шмат гасцей. Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Юзэф Станеўскі. Эўхарыстыю цэлебравалі кс. Аляксандр Лебядзевіч, кс. Ян Гавецкі, кс. дэкан Віктар Субель, кс. Францішак Галдысь і кс. Уладзімір Марушэўскі з ордэна Хрыстусоўцаў.

Падчас казання біскуп Юзэф адзначыў: ”Як вядома, сцены не паўстаюць самі па сабе. Для гэтага патрэбна благаслаўленне Пана і рука чалавека. Кс. Францішак стаў тым чалавекам, які, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, вырашыў давесці справу будовы капліцы да канца”.

жамысль 4

жамысль 1

З мінулага года кс. Францішак працуе ў Польшчы, але з вялікай радасцю прыехаў у родны Жамыслаўль на ўрачыстасць. Падчас св. Імшы святар успамінаў пра шматлікія цяжкасці, якія паўставалі ў ходзе будовы, але моц Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай, да якіх у асаблівы спосаб вернікі ўзносілі свае малітвы, спрыялі кожнаму кроку ўзвядзення святыні. Сення ў парафіі працуюць дыяцэзіяльныя ксяндзы. Пробашчам парафіі з’яўляецца кс. Аляксандр Лебядзевіч, які не толькі годна працягвае справу, распачатую Хрыстусоўцамі, але і развівае жыццё касцёла ў новых кірунках. Не было нядзелі, каб капліца пуставала. Людзі сталага пакалення, сем’і, моладзь, дзеці – дзверы святыні заўсёды адчыненыя для іх.

Падчас св. Імшы святары маліліся ў інтэнцыі парафіі, каб яна і далей развівалася, прыгажэла, каб мела моцны падмурак, асабліва ў сэрцах моладзі і дзяцей. Біскуп прамовіў слова навукі да моладзі, каб адкрылі сэрцы на Езуса, мелі адвагу пайсці за Ім. Іерарх заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі паклікання і выказаў надзею ў хуткім часе сустрэцца ў жамыслаўльскай святыні пад тытулам Хрыста Валадра і Маці Божай Фацімскай на прыміцыйнай Імшы святара або сястры законнай з гэтай парафіі.

жамысль 3

Падрыхтавала Вікторыя Пабудзей