Skip to main content

У смаргонскім ў араторыі адбылася ўрачыстасць Хрыста Валадара

22 лістапада ў смаргонскім араторыі імя св.Яна Боско адбылася ўрачыстасць Хрыста Валадара. Усё пачалося св. Імшой. Пасля яе для дзяцей і іх бацькоў праводзілася праграма, якую прыгатавалі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, с.Валянціна Кот FMA і аніматары. Многія адзначылі незвычайнасць праграмы. Спачатку ўсе разам станцавалі банс і падзяліліся на каманды. Потым дзеці са сваімі бацькамі павінны былі знайсці сапраўднага Валадара, і таму яны адправіліся ў розныя валадарствы, дзе мелі магчымасць спаткаць казачных герояў.

Было 8 валадарстваў: “Уважлівасці”, “Хуткасці”, “Спрытнасці”, “Праўды”, “Рабі, што хочаш”, “Кемлівасці”, “Сілы” і “Музыкаў”. Кожнаму з удзельнікаў трэба было паказаць тое, на што яны здольныя. Такая забава павінна была навучыць дзяцей ставіць Бога на першае мейсца ў сваім жыцці. Пасля вандроўкі па ўсіх валадарствах, дзеці сабраліся разам у зале і шукалі зорку, якая павінна была паказаць сапраўднага Валадара. Арганізатары непрыкметна прычапілі намаляваную зорку на спіну аднаму малому хлопчыку. Такое сімвалічнае дзеянне прыпамінала аб тым, што Езус Хрыстус – Сапраўдны Валадар – быў таксама маленькім Хлопчыкам, Які нарадзіўся і жыў сярод нас.

Пасля вядучы распавядаў пра тое, што кожны ў сваіх сем’ях і сярод сяброў можа быць гэтай зоркай, якая паказвае на Валадара. Гэта будзе магчыма толькі тады, калі Бог будзе на першым месцы. Праграма скончылася малітвай. Пасля ўсе зрабілі агульны фатаздымак і мелі магчымасць пакаштаваць царскія прысмакі, зробленыя бацькамі.

Паводле www.sdb.by