Skip to main content

"Езус заўсёды глядзіць глыбей". Удзельнік руху "Мужчыны св. Юзафа" пра рэкалекцыі ў Вярэйках

reczek 3 of 3"Езус ёсць сярод нас і Ён ёсць у табе" - гэта словы, якія з сілай Духа Божага прагучалі на пачатку канферэнцыі з вуснаў кс. Яна Рэчэка*. Не думаю, што гэтыя словы былі навіной для прысутных, але яны прагучалі як словы Самога Езуса і кранулі маё сэрца, спадзяюся, што яны закранулі таксама сэрцы ўсіх прысутных.

11 верасня я з жонкай і братамі з групы "Мужчыны св. Юзафа" з Гродна накіраваўся ў Вярэйкі на міні-рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Ян Рэчэк разам з сястрой Станіславай. Сустрэча пачалася са св. Імшы і канферэнцыі. Большасць прысутных складалі мясцовыя парафіяне. На працягу 7 гадзін кс. Ян Рэчэк з с. Станіславай служылі індывідуальнай заступніцкай малітвай.

reczek 1 of 3

Кс. Ян на канферэнцыі і пропаведзі засяродзіў нашую ўвагу на Божай міласэрнасці. Казаў пра тое, што Бог заўсёды хоча паказаць і даць нам новае жыццё: "Езус хоча дакрануцца да нашых сэрцаў, каб паказаць іншую перспектыву нашага жыцця. Жаданнем Хрыста з'яўляецца тое, каб мы былі напоўнены Духам Святым, каб мы належалі Богу і не было ў нас цемры. Мэта місіі Хрыста і Евангелля заключаецца ў тым, каб мы былі святыя, каб мы былі падобныя да Хрыста ".

Святар неаднаразова казаў пра неабходнасць поўнай аддачы Богу, каб дазволіць Духу Святому кіраваць нашым мысленнем і ўчынкамі. Для гэтага неабходна:

1) вызваліць сэрца ад зла. Дапамагчы ў гэтым нам можа Езус. Мы павінны прасіць Яго аб тым, каб Ён дапамог нам навесці парадак у нашых сэрцах, каб мы маглі прыняць Яго блаславенне.

2) вылечыцца ад раненняў сэрца. Прычынай раненняў сэрца з'яўляецца недахоп любові (для прыкладу: недахоп любові ад маці ці бацькі). У дадзенай сітуацыі чалавек пастаянна знаходзіцца ў стане чакання, нібы яго хочуць падмануць. Дух Божы не можа дзейнічаць у жыцці такога чалавека. Увесь недахоп любові неабходна аддаць Езусу. Кс. Ян падкрэсліў, што "без аздараўлення чалавек не можа прыняць Духа Святога ў поўнай меры".

"Гасподзь заўсёды глядзіць глыбока ў нашыя сэрцы. Калі мы глядзім на нашую хвароба і просім аб вылячэнні, Езус глядзіць глыбей - на прычыну хваробы. Першае, што павінен зрабіць чалавек - гэта прыняць мір у сэрца. Неспакой сэрца - першакрыніца нашых хвароб ".

Пасля вячэрняй Імшы адбылася адарацыя з заступніцкай малітвай. Езус звяртаўся праз с. Станіславу да прысутных. Гучалі словы падбадзёрвання і ўмацавання для нас усіх. Да некаторых з прысутных былі накіраваныя асабістыя словы, у якіх Езус казаў пра дадзены чалавеку дар служэння або вылячэння ад канкрэтнай хваробы.

Дзень міні-рэкалекцыі прайшоў хутка, але гэта быў каштоўны час і я веру, што тое Слова, якое трапіла ў нашыя сэрцы з вуснаў кс. Рэчэка і с. Станіславы застанецца ў нас і дасць плён. Касцёл у Вярэйках быў напоўнены да межаў, ў Росі верныя сабраліся ў большай колькасці, чым мог змясціць касцёл. І Дзякуй Богу! Значыць людзей кранае Слова Божае і яны маюць патрэбу ў падобных сустрэчах. Ўз'ядноўваўся ў надзеі з многімі братамі і сёстрамі, і спадзяюся, што наступны раз рэкалекцыі такога плану пройдуць у Гродне - сталіцы нашай Гродзенскай Епархіі.

reczek 2 of 3

* Кс. Ян Рэчэк - паважаны рэкалекцыяніст з Кракава. Больш за дваццаць гадоў разам з с. Станіславай служыць заступніцкай малітвай. Аўтар кніг: "Дазволь Езусу змяніць сваё жыццё" (перакладзена на рускую мову) "Езус лечыць сёння. Сведчанні "," Дары ёсць розныя, а Дух адзін і той жа ".

Анатоль Канарскі (МСЮ)