Skip to main content

25-годдзе існавання семінарыі і інаўгурацыю новага навучальнага года адзначылі ў Гродзенскай дыяцэзіі

11 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Сёлета 6 маладых людзей з розных куткоў дыяцэзіі вырашылі прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Божага Евангелля і распачалі духоўную і інтэлектуальную фармацыю ў гродзенскай семінарыі.

Раніцай а 9.30 гадзіне ў семінарыйнай капліцы адбылася ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. бп. Аляксандр Кашкевіч. Пасля супольнай Эўхарыстыі госці мерапрыемства былі запрошаны ў залу імя св. Яна Паўла ІІ, дзе перад імі выступіў кс. Віталій Сідорка, які пазнаёміў прысутных з дзейнасцю семінарыі за 25 год яе існавання. Затым доктар гістарычных навук Эдмунд Ярмусік прачытаў лекцыю на тэму "Каталіцкі Касцёл у сацыякультурным жыцці Гродзеншчыны". На заканчэнне мерапрыемства  кс. рэктар Раман Рачко ўручыў "кнігі памяці" і дыпломы сябрам і дабрадзеям семінарыі.

Пане Божа, просім Цябе, адары сэрцы маладых людзей, якія стаяць на парозе новага навучальнага года, Ласкай, каб заўсёды хацелі дзяліць з Табою прагненне збаўлення кожнага чалавека, дадай ім адвагі, каб ішлі за Табою, несучы людзям Супакой і Дабро ў Імя Езуса Хрыста.

Паводле wsd.grodnensis.by