Летнія выяздныя вакацыі перажыла моладзь парафіі Св. Тэрэзы Авільскай горада Шчучын. 10 дзён адарванасці ад паўсядзённых клопатаў гораду і знаёмства з вясковым наваколлем, духоўнага напаўнення і актыўнага адпачынку, сур’ёзных тэм зранку і няспынных танцаў увечары.
“Ён і я” – тэма адпачынку ў гэтым годзе. Моладзь з дапамогай штоднёвых гасцей спрабавала заўважыць і падкрэсліць кіраўніцтва Бога ў сваім жыцці. Чытанне Бібліі ўзмацняла перакананасць у магчымасці асабістай размовы з Любячым Татай. Імша, якую маглі перажываць разам з жыхарамі вёскі, замацоўвала прысутнасць Духа Святога сярод адпачываючых.
Побач з Божым напаўненнем моладзь узнаўляла і фізічную форму праз падрыхтаваную забаўляльную праграму і абавязковыя пункты раскладу дня (руханка, купанне на рэчцы, сытны сняданак, абед і вячэру). Абыякавых на адпачынку не знайшлося, таму ўсе мерапрыемствы ззялі творчым духам, энергіяй, таленавітасцю шчучынскіх падлеткаў.
А разгуляцца было дзе: “Вечар знаёмстваў”, “Бітва кліпаў”, “Танцавальны батл”, “Хвіліна славы”. Нават “Казакі-разбойнікі” у чатыры раніцы. І няхай надвор’е не заўсёды было ідэальным, але настрой, сямейная атмасфера, любоў, супакой – усё лілося праз край.
Дзякуй Богу за Яго прысутнасць у кожнай хвіліне нашага жыцця. За беларускую моладзь, энергія якой аднаўляе.
Паводле Pijary.info