Skip to main content

Урачыстасць Маці Божай Тракельскай, Каралевы Сем'яў

  911 ліпеня а 10 гадзіне раніцы ў Тракельскім санктуарыі адбылася св. Імша, якая ўвянчала ўрачыстасці з нагоды свята Маці Божай Тракельскай Каралевы Сем’яў. Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка, які падчас гаміліі звярнуў асаблівую ўвагу прысутных на разважанні св. Яна Паўла ІІ адносна Любові:

- Усіх нас, тут прысутных, прывяла ў гэтае цудоўнае месца Любоў, якая, паводле слоў св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца пачуццём найбольш незвычайным, складаным і адначасова найбольш прыгожым. Любоў - яна настолькі магутная, што можна дарыць радасць і шчасце, але адначасова можа поўнасцю авалодаць чалавекам, адабраць яго розум, годнасць і нават яго жыццё. Любоў з’яўляецца вялікай таямніцай. Часам яна робіць чалавека шчаслівым, але часам лёс можа быць жорсткім, патрабаваць ад чалавека плаціць страшную цану за Любоў. Сапраўдная Любоў можа вытрымаць усё. Яна не баіцца выступаць супраць cацыяльных умоўнасцей, сцвярджэнняў навукі, прынятых нормаў, а нават можа перамагчы смерць. Любоў можа быць вернай і няздзейсненай, шалёнай і сталай, пачуццёвай і платанічнай, радаснай і поўнай адчаю. Аб ёй думаюць, гавораць і мараць усе. Закаханы чалавек гатовы прайсці праз усе перашкоды. Любоў мае розныя абліччы: любоў да Бога, сужанская любоў, любоў да сям’і, да радзімы, да прыгажосці і жыцця. Нарэшце, поўная запалу любоў жанчыны да мужчыны і мужчыны да жанчыны. Можна рызыкнуць і сказаць, што апошняя форма Любові з’яўляецца самай прыгожай і поўнай, таму што дазваляе скласці найбольш цэнны дар другому чалавеку - дар самога сябе.

  9

Пасля кс. біскуп дадаў, што менавіта дзеля Любові да Бога, да бліжняга, да Святой Маці пілігрымы ахвяравалі свае летнія дні і прыйшлі ў гэтае святое месца:

- Марыя – Маці Божай Ласкі – напоўненая Самім Богам. Святая Марыя мае мацярынскі ўплыў на Езуса, крыніцу ўсялякіх ласкаў. Яна просіць як маці, таму яе просьба становіцца загадам. І менавіта Ёй заўсёды варта давяраць усе прагненні свайго сэрца.

Пасля заканчэння казання вернікі супольна памаліліся за супакой у свеце, сем’ях і ў сэрцы кожнага чалавека.

  14

  16

Сёлетняя ўрачыстасць у Тракелях, як і штогод, сабрала вялікую колькасць каталікоў з дыяцэзіі, а таксама ўсёй Беларусі і з-за мяжы. Тракельскі касцёл і прылягаючая да яго тэрыторыя былі перапоўненыя вернікамі, якія імкнуліся падысці да абраза Маці Божай Тракельскай, каб зноў скласці Ёй свае просьбы і падзякі.

Ангеліна Марцішэўская 

Фота: Вольга Сяліцкая