Skip to main content

60-гадавіна святарскіх пасвячэнняў кс. прэлата Ежы Лявінскага

Сучаснае жыццё семінарыі – гэта малітва, навука і праца. Але для духоўнай фармацыі кожнага клерыка, які прагне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям, вельмі важную ролю адыгрывае прыклад жыцця і сведчанне веры святароў, якія займаюцца выхаваннем тых, хто будзе працягваць іх справу. І менавіта, 29 мая, мы адзначалі 60-гадавіну святарскіх пасвячэнняў кс. прэлата Ежы Лявінскага, які на працягу 25 год існавання семінарыі дапамагаў семінарыстам спасцігаць жыццёвую мудрасць і ўсталёўваць глыбокія адносіны з Хрыстом.

 

 

У інтэнцыі шаноўнага юбіляра адбылася св. Імша, у якой удзельнічалі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, кс. біскуп Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхавацелі семінарыі на чале з кс. рэктарам Раманам Рачко, а таксама шматлікія госці з розных куткоў дыяцэзіі. 

Кс. Роман Катлімоўскі ў гаміліі расказаў усім прысутным пра багаты жыццёвы лёс найстарэйшага выкладчыка семінарыі, святара, які 60 год служыў Богу і людзям у розных кутках зямлі.

Не адно пакаленне семінарыстаў выхоўвалася на яго слове. Усе сённяшнія святары, якія працуюць у розных кутках дыяцэзіі, сталелі, узрасталі ў святасці дзякуючы асабістаму прыкладу кс. Ежы Лявінскага, для якога паяднанне з Богам праз малітву і ружанец стала сапраўдным сэнсам жыцця.

Падчас супольнага абеду прысутныя змаглі яшчэ раз асабіста павіншаваць юбіляра, падзякаваць за прыклад веры, за адданае служэнне Богу, за той пазітыўны настрой, які ён стварае, за бясконцы аптымізм, што зыходзіць з яго светлай постаці, за яго добразычлівасць, адкрытасць, шчырасць, гумар, радасць, якою ён так імкнецца падзяліцца з іншымі.

Песні, якія шаноўны кс. Ежы Лявінскі падарыў у сваім выкананні сабраным гасцям, не толькі нагадалі пра жыццёвы лёс святара, яны яшчэ раз падкрэслілі яго ўнікальную натуру, яго высокія чалавечыя якасці. Менавіта праз іх юбіляр выказаў бясконцую ўдзячнасць Богу за дар свайго жыцця.

Айцец наш нябесны, дзякуем Табе за тое, што на нашым жыццёвым шляху ёсць такі сведка Тваёй няспыннай прысутнасці сярод нас. Адары твайго слугу, кс. Ежы Лявінскага, неабходнымі ласкамі, каб ён мог і далей распаўсюджваць Божае Валадарства на зямлі і быць прыкладам Тваёй бясконцай любові да нас. 

Паводле wsd.grodnensis.by