5 кастрычніка Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, сэрца нашай дыяцэзіі, святкавала двайную ўрачыстасць: юбілей 20-годдзя заснавання і пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды Семінарыю наведалі шаноўныя госці: Я. Экс. Кс. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які стаяў у вытокаў гродзенскай Alma Mater, Генеральны Сакратар ККББ, Сакратар Апостальскай Нунцыятуры Кс. Пралат Крыспін Дубель, Я. Экс. Кс. Бп Казімір Вялікаселец, Генеральны Вікарый пінскай дыяцэзіі, Я. Экс. Кс. Бп Антоні Дзям'янка, Я. Магніфіцэнцыя Кс. Ян Саламон, рэктар ВДС у Пінску. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі Генеральнага консульства РП у Гродна, абласных уладаў, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ордэнскія сёстры і святары. Прыехалі таксама былыя выпускнікі Семінарыі.
Урачыстасці распачаліся супольным спяваннем гімна "Багародзіца". Потым да прысутных звярнуўся Пастыр нашай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які прадставіў шаноўных гасцей і прыгадаў пачаткі існавання Семінарыі, якая, згодна з навукай Другога вытыканскага сабора, вучыць будучых святароў "шукаць Хрыста ў кожным моманце жыцця". Ксёндз Біскуп пажадаў усім прысутным, каб сэрца кожнага з іх "не было цвёрдым, слухала голас Пана, які гучыць у сэрцы", і выразіў спадзяванне, што гродзенская семінарыя будзе спрыяць здзяйсненню слоў св. Сястры Фаўстыны: "Пане, дай нам святых святароў".
Кс. рэктар ВДС у Гродне Юзаф Станеўскі - выпускнік першага набору гэтай навучальнай установы – пасля прывітання шаноўных гасцей расказаў пра гісторыю заснавання Семінарыі. Ён прыгадаў, што за гэтыя 20 год яе скончылі 173 выпускнікі, якія выконваюць святарскую паслугу не толькі ў нашай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі, а таксама па-за яе межамі: у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Ізраілі і Паўднёвай Амерыцы. Кс. рэктар выказаў словы прызнання і ўдзячнасці ўсім тым, хто сваёй працай і малітвай дбае пра спраўную работу Семінарыі.
Звяртаючыся да алюмнаў і былых выпускнікоў, а сённяшніх святароў, кс.рэктар упэўніў, што Семінарыя заўсёды будзе іх домам, у які яны заўсёды могуць вярнуцца. Кс. Раман Рачка ў сваёй справаздачы аб рабоце семінарыі за мінулы 2009-2010 год коратка прадставіў прысутным, як выглядала семінарскае жыццё ў мінулым навучальным годзе. А яно вельмі разнастайнае: рэгулярна арганізоўваюцца паломніцтвы ("Шляхам Яна Паўла II" і апошняе – у знак удзячнасці за 20 год Семінарыі – у Рым), рэкалекцыі для клерыкаў і іх бацькоў, а таксама тых, хто яшчэ разважае аб сваім пакліканні; выходзіць газета "Duc in Altum"; Семінарыя мае сваю старонку ў інтэрнэце; выдадзены каляндар; сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам і іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі арганізуюцца навуковыя сімпозіумы; працягвае сваю дзейнасць калектыў "AVE", вядомы далёка за межамі нашай дыяцэзіі.
Зараз у Семінарыі працуюць 29 выкладчыкаў, адзін з якіх прыязджае з-за мяжы, 11 – з межаў дыяцэзіі, іншыя жывуць у Гродне. Бібліятэка Семінарыі налічвае 31.000 пазіцый, з іх ужо 2.5 тысячы апрацаваны ў інтэрнэтным каталозе. У Семінарыі вучацца 53 клерыкі. Выпускнікі Семінарыі працягваюць вучобу ў навучальных установах Польшчы, Францыі, Італіі.
З нагоды ўрачыстасці Я. Экс. Кс. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звярнуўся да прысутных з дакладам "Новая евангелізацыя". Прыгадаўшы пра нялёгкую сітуацыю ў сучасным свеце, Ксёндз Арцыбіскуп гаварыў пра патрэбу міжканфесійнага дыялогу і новай евангелізацыі, якая з'яўляецца галоўнай місіяй Касцёла, навяртання ахрышчаных, выкарыстання новых метадаў і спосабаў абвяшчэння Евангелля сучаснаму чалавеку, асаблівай увагі да моладзі.
Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сучаснай Беларусі вельмі патрэбная такая евангелізацыя, таму што, паводле дадзеных сацыялагічных даследванняў Інстытута Гэллапа (ЗША) з 2009 г., толькі для 27% яе грамадзян рэлігія адыгрывае ў жыцці важную ролю. Кс. Арцыбіскуп прыгадаў прысутным словы Бенедзікта XVI пра тое, што сённяшняму чалавеку і свету вельмі патрэбная "новая, свядомая, адказная вера" і што вялікую ролю ў фарміраванні такой веры мае сям'я, а таму ёй таксама належыць прысвяціць як мага больш увагі. А самае важнае – зазначыў Ксёндз Арцыбіскуп – гэта даверыцца Богу.
На заканчэнне ўрачыстасці тры першакурснікі Семінарыі атрымалі з рук Я. Экс. Кс. Бпа Аляксандра Кашкевіча студэнцкія дакументы, і ўсе прысутныя заспявалі ўрачыстае "Gaudeamus". А 12.00 у кафедральнай базіліцы была адпраўлена ўрачыстая св. Імша пад кіраўніцтвам Я. Экс. Кс. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, падчас якой усе прысутныя – шаноўныя госці, клерыкі, выхавацелі і выкладчыкі Семінарыі, а таксама шматлікія вернікі – дзякавалі Богу за 20 год Семінарыі і выпрошвалі патрэбныя для яе ласкі, а таксама благаславенствы для ўсіх тых, хто спрыяў і далей спрыяе яе развіццю.