Раніцай 3 мая ўдзельнікі ДДМ сабраліся на супольную св. Імшу, якая завяршыла 22-і з’езд моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў душпастыр моладзі ксёндз Антоні Грэмза.
Духоўны кіраўнік моладзі падчас гаміліі звярнуўся да прысутных з наступнымі словамі:
- Езус – Бог цудоўны, Настаўнік цудоўных спраў. Ён немагчымае робіць магчымым, горкае – салодкім, складанае – лёгкім. (…) Ідучы за нашым Богам, мы павінны памятаць пра тры галоўныя рэчы. Па-першае, Езус заўсёды застаецца той самы, Ягонае Евангелле любові застаецца такое самае, але мы павінны змяняцца ў Ягоным Евангеллі. Па-другое, мы павінны заўсёды мець пазітыўны настрой і дзякаваць Богу за ўсё. Да Хрыста трэба ставіцца з радасцю, каб іншыя маглі захапляцца нашай верай і прагнулі далучыцца да яе. Па-трэцяе, трэба даверыцца Езусу цалкам, без рэшты. Бо эфект будзе толькі тады, калі даверышся Яму на ўсе 100 %.
Кс. Антоні таксама адзначыў, што дзякуючы Езусу ажыццявілася арганізацыя Дыяцэзіяльных дзён моладзі 2015, якая ў гэтым годзе натрапіла на цяжкасці з-за небывалага наплыву людзей (каля 2 тыс. чалавек). Яшчэ адной цудоўнай справай, паводле слоў святара, стала магчымасць уступіць у “Рух чыстых сэрцаў”. (Пасвячэнне ў "Рух чыстых сэрцаў" дазволіць бачыць годнасць чалавека і шанаваць яго, як Божае дзіця. Стаць удзельнікам “Руху чыстых сэрцаў” – гэта значыць даверыць Богу сваю чысціню і сваё сэрца, атрымаць гарантыю Ягонай падтрымкі падчас узнікнення спакусы.)
Падчас супольнай малітвы прысутныя прасілі Бога ўзмацніць Касцёл, каб ён заўсёды прыносіў плод навяртання і вернасці, прасілі аб неабходных ласках для моладзі нашай краіны і ўмацавання ў веры хрысяцін, якія церпяць пераслед.
Пасля набажэнства маладыя вернікі мелі магчымасць паслухаць канцэрт гурту “Міласць”.
У завяршэнні моладзь атрымала пастырскае бласлаўленне і натхнённая супольным перажываннем веры адправілася дамоў.
Фота Вольга Сяліцкая