Адметнай падзеяй другога дня ДДМ стаў прыезд у Смаргонь Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдзіа Гуджэроці і яго ўдзел у св. Імшы, якая распачалася ў 11:30 раніцы.
На пачатку св. Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх прысутных, пасля чаго падкрэсліў, што ДДМ, якія мы перажываем у гэтым годзе, з’яўляюцца апошнім этапам нашых прыгатаванняў да сустрэчы з Папам Францішкам у Кракаве ў 2016 годзе.
З гаміліяй да маладых вернікаў звярнуўся прадстаўнік Папы ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдзіа Гуджэроці. Апостальскі нунцый падчас сваёй прамовы закрануў некалькі тэмаў. Спачатку іерарх разважаў над праблемай пераследу хрысціян і заклікаў прысутных памятаць пра тое, што д’ябал заўсёды чувае ў гэтай справе:
- Вы першае пакаленне, якоё не спазнала пераследу. Але Вы атрымалі сваю веру ад людзей, якія прайшлі праз гэта. І я хачу скласці словы падзякі вашым дзядулям і бабулям, вашым святарам, усім тым, хто былі сведкамі веры.(…) І сёння я бачу, што гэтыя сведкі могуць радавацца сваім пладам.
Арцыбіскуп Гуджэроці заклікаў таксама, не зважаючы ні на што, быць радасным - гэта значыць сапраўдным хрысціянінам:
- Калі ў вас з’явіцца спакуса адчуць сябе нікому непатрэбнымі, успомніце пра людзей, якім ніколі не гаварылі пра Езуса Хрыста. Падыдзіце да такога чалавека, усміхніцеся яму і раскажыце пра прычыну сваёй радасці.(…) А калі давядзецца адчуць, нібы вашыя малітвы не прыносяць плёну, падумайце пра тое, што Бог заўсёды ведае, як зрабіць свет лепшым. І ўзгадайце, што час Бога адрозніваецца ад нашага зямнога часу, але кожная малітва заўсёды будзе выслухана ў найбольш адпаведны момант.
У завяршэнні Апостальскі нунцый закрануў тэму любові. Ён параўнаў любоў Езуса да любові закаханага юнака:
- Езус любіць вас, як закаханы, і нястомна чакае, пакуль вы не зазірнеце ў Ягоныя вочы. Паспрабуйце, і вы ўбачыце той паток любові, які існуе паміж вамі, і як сэрцы напаўняюцца радасцю.
Напрыканцы св. Імшы біскуп Аляксандр склаў словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі ДДМ, а душпастыр моладзі кс. А Грэмза ад імя ўсіх маладых вернікаў падараваў шаноўным гасцям майкі з лагатыпам ДДМ.
Завяршылася набажэнства пастырскім бласлаўленнем.
Фота Вольга Сяліцкая