19 красавіка ў Шчучыне ў раённым доме культуры адбыўся канцэрт, прысвечаны 10-гадоваму юбілею моладзевага касцёльнага хору CALASANZ. Гэтая падзея стала сапраўдным святам для ўсіх жыхароў горада.
Надвор’е нельга было назваць спрыяльным для добрага настрою, але шчыры спеў прымусіў забыць пра непагадзь. Усе госці адзначылі, што атмасфера склалася сапраўды сямейная і цёплая. Дзве гадзіны пранесліся імгненна.
Юбілей не мог прайсці без падарункаў, якія атрымалі не толькі цяперашнія ўдзельнікі хору, але і тыя, хто, пачынаючы з 2005 года, былі часткай гэтай сям’і. Акрамя гэтага, кожны глядач мог атрымаць памятныя сувеніры падчас латарэі, якая праводзілася паміж нумарамі канцэрту.
2005-2015 г. – гэта не проста гады існавання хора, але і неаддзельная частка жыцця шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы Авільскай. Музычным кіраўніком і сапраўдным сябрам хору ад самага пачатку была і застаецца Людміла Казлова. Духоўнымі настаўнікамі з’яўляюцца айцы піяры, якія служаць у парафіі. Дзякуючы сумеснай працы гэтых людзей, жаданню і актыўнасці ўдзельніц хору, Шчучын атрымаў сапраўднае свята для душы.
Падрыхтавала Алёна Мыслівец
Фота Алёны Мыслівец і Веранікі Хацук