Правобразы хрысціянскай Пасхі можна знайсці ў Старым Запавеце. Слова “Пасха” – гэта перайначванне назвы іўдзейскага свята Песах, якое для габрэяў з’яўляецца галоўнай падзеяй у іх рэлігійным жыцці і сімвалізуе вызваленне ад егіпецкай няволі. “Песах” азначае пераход, пераход габрэяў ад рабства да свабоды. У хрысціянскай традыцыі Пасха – гэта таксама пераход – ад смерці да вечнага жыцця.
1 красавіка ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася Выстава “Сонца Вялікадня”, на якой наведвальнікі даведаліся пра беларускія вялікодныя традыцыі, паданні звязаныя з фарбаваннем яек і сапраўднае значэнне свята Ўваскрасення Хрыста ў жыцці кожнага чалавека.
Экспазіцыя пра свята Пасхі расказвае рознымі відамі мастацтва: абразамі, вышыўкамі, скульптурай. Цікава, што ўсе экспанаты выставы размешчаны ў парадку, які храналагічна адлюстроўвае апошнія падзеі з жыцця Езуса Хрыста, пачынаючы Тайнай Вячэрай і заканчваючы Яго Уваскрасеннем.
Абразы і скульптуры з XIX ст.
Біблія ў ілюстрацыях з XIX ст.
Вялікодны посуд з Ізраілю другой паловы ХХ ст. і прыклады ўпрыгожвання яек.
Пасхальныя паштоўкі.
Адкрыццё выставы ўпрыгожыла актрыса Гродзенскага драмтэатру Ульяна Максімава, якая выдатна дэкламавала вершы, прысвечаныя тэматыцы хрысціянства і любові.
На адкрыцці выставы выступаў таксама прадстаўнік Гродзенскай праваслаўнай епархіі, іерэй Дзмітрый Ляўчук, які засяродзіў ўвагу наведвальнікаў на скажоным успрыманні свята Вялікадня.
- Нажаль, большасць людзей, асабліва моладзь і дзеці, ведае толькі тое, што Пасха – гэта фарбаваныя яйкі, кулічы і і паштоўкі(...) Пасха – гэта нешта большае. Пасха – гэта тое, дзеля чаго мы становімся хрысціянамі. Мы павінны памятаць пра гэта і перадаваць веды нашым дзецям. Кожны з хрысціянаў – гэта апостал, як мінімум, у сваёй сям’і.
Пасля адкрыцця выставы і маленькай экскурсіі госці мелі магчымасць прыняць удзел у майстар-класе па вырабу гліняных статуэтак і роспісу яек.
Дэманстрацыя экспазіцыі будзе працягвацца да сярэдзіны мая.
Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30).
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская