З 6 па 8 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлітанак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі ўжо ў пяты раз сабраліся дзяўчаты з розных гарадоў і вёсак Беларусі, каб наладзіць свае "духоўныя батарэйкі", прабываючы з Богам на малітве і слухаючы Яго Слова.
Распавядае Яўгенія Раткевіч:
«Унутраная малітва, ”малітва сэрца” ў цішыні, пра якую так шмат пішуць святая Тэрэза Авільская і святы Ян ад Крыжа, аказалася несамавітым магнітам, які прыцягвае да сябе ўсё больш людзей. Патрэба будавання блізкага кантакту з Богам кожны дзень з’яўляецца адной з асноўных патрэб кожнага хрысціяніна. I справа гэта зусім нялёгкая, бо найчасцей патрабуе не толькі нашага жадання, але таксама вялікай канцэнтрацыі і засяроджанасці ўвагі. Менавіта па гэтай прычыне вельмі часта людзі прыязджаюць у такія спакойныя і святыя месцы, як Гудагай, каб шукаць Пана ўнутры свайго сэрца, адарваўшыся хоць на нейкі час ад клопатаў і абавязкаў штодзённага жыцця.
Усё проста і спакойна — няма ніякіх незвычайных умоваў або рэкамендацый. Але здаецца, што тут час перастае спяшацца… Ён паволі разгортваецца, падобна старонкам найцікавейшай у свеце кнігі, кнігі нашага жыцця. Менавіта ў такія моманты мы, чытачы гэтай незвычайнай кнігі, маем магчымасць заўважыць і паразважаць над усім тым, што раней уцякала ад нашай увагі. А можа, гэта мы самі ўцякалі ад унутранага голасу Бога ўнутры нас, бо нам зусім не падабалася, што Ён нам гаворыць? Гэты Божы голас у сэрцы ніколі не крычыць, ён заўседы ціхі і пакорны, як і сам Езус, таму пачуць яго становіцца магчымым толькі ў цішыні, калі сціхае не толькі фізічны голас, але і думкі аб усім і ні аб чым… Тады пачынаецца ”малітва сэрца”. Гаварыць пра яе можна шмат, але найлепшае, што можна зрабіць — гэта пачаць так маліцца».