Раніцай тут адбылася св. Імша, на якой прысутнічалі не толькі клерыкі, але і тыя супрацоўнікі семінарыі, ахвярная праца якіх не заўсёды заўважальная падчас духоўнай фармацыі клерыкаў.
На пачатку Імшы кс. рэктар Раман Рачко выказаў падзяку прысутным працаўнікам семінарыі за іх клопат, за імкненне ствараць добрыя ўмовы для духоўнага і інтэлектуальнага развіцця будучых святароў.
Ён адзначыў, што ўся семінарыйная супольнасць павінна быць моцнай сям’ёй, у якой пануе згода, адзінства, любоў, а таксама братэрскае стаўленне адзін да другога. Бо ўсе мы, адзначыў кс. рэктар, створаны паводле вобраза Бога, які «стварыў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб жыў на ўсёй паверхні зямлі» (Дз 17, 26), і пакліканы да адной і той жа мэты - гэта значыць да самога Бога. Таму там, дзе ёсць любоў і павага да іншага, заўсёды існуе супольнасць, якая вядзе нас да таго, што ўсе мы ствараем у еднасці адно сэрца і адну душу. Пасля св. Імшы ўсе супрацоўнікі і навучэнцы семінарыі яшчэ раз адчулі сябе адной духоўна блізкай сям’ёй на сумесным сняданні, па заканчэнні якога кожны прыступіў да выканання сваім непасрэдных абавязкаў.
Паводле wsd.grodnensis.by