Skip to main content

70-гадовы юбілей "чалавека-легенды" кс. Казіміра Жыліса адзначылі ў Гродзенскай катэдры

img 10504 сакавіка ў Гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адзначылі 70-гадовы юбілей адзінага на ўсю Беларусь езуіта, капелана, духоўнага настаўніка і, як заўважыў пробашч Гродзенскай катэдры, “чалавека-легенды”, ксяндза Казіміра Жыліса. 

Павіншаваць святара прыбылі іерархі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Антоні Дзям'янка і Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, парафіяне з Гродна, Індуры, Зяневічаў, Малой і Вялікай Бераставіцы, Навагрудка і іншых беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама загранічныя госці з Літвы і Расіі, а менавіта а. Антоній, настаяцель расійскай правінцыі айцоў-езуітаў.

На пачатку св. Імшы іерархі А. Кашкевіч і Т. Кандрусевіч падзякавалі Богу за дар паклікання для кс. Казіміра. Мітрапаліт адзначыў, што няглядзечы на свой век, кс. Казімір заўсёды застаецца маладым і поўным энэргіі, і пажадаў яму не губляць гэтую моц яшчэ доўгія гады сваёй пастырскай паслугі.

img 1002

З гаміліяй да вернікаў звярнуўся ксёндз біскуп Ю. Станеўскі. На пачатку казання іерарх засяродзіў увагу вернікаў на цікавай постаці св. Казіміра.

- Сёння мы молімся за годнага юбіляра і разам з ім прыглядаемся духоўнай постаці св. Казіміра, нашага заступніка, дзякуючы Богу за гэтага вялікага каралевіча.

Нам, жыхарам Гродна, каб запазнацца з жыццёвымі інтарэсамі маладога Казіміра,сына каралевы Елізаветы і караля Казіміра Ягелончыка, дастаткова прайсці ад Старога Замка ў кірунку Фары Вітаўта. Што такога асаблівага адбывалася каля брам гэтай святыні ? “Каля брам гэтай святыні я шукаў мудрасці”, - адказвае нам св. Казімір. “Я заўсёды прасіў аб ёй у малітве і буду шукаць яе да канца.” І тут у нашым уяўленні намалёўваецца тонкая постаць падлетка, апранутага па-каралеўску і пагружанага ў малітву. Чаму ён, маючы пад нагамі цэлае каралеўства, стаіць на каленях ? “Я ўсё лічу стратай таму, што найбольшай каштоўнасцю для мяне з’яўляецца пазнанне Езуса. (...) Св. Казімір выракся прывілеяў каралеўскага роду. Ён не жадаў улады і пазбягаў прыдворных забаў і пышнасці. Усё свай жыццё ён трываў у чыстасці. (...) Бясконцыя гадзіны ён прысвячаў на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнствы да Маці Божай, што пацвярджае знойдзены ў ягонай магіле пергамент з гімнам св. Бернарда : “Душа мая, твая гэта справа штодзённа Марыю праслаяўляць.” (...) Прыкладам свайго жыцця св. Казімір дае нам простую раду, што толькі дзякуючы гарачым і шчырым малітвам, мы зможам змяніць гэтв свет, поўны канфліктаў і непаразуменняў.

Затым біскуп Юзаф перавёў усю ўвагу на юбіляра кс. Казіміра.

- Бацькі а. Казіміра, Юзаф і Вераніка Жылісы, пражываючы ледзь у 100 км ад Вільнюскай катэдры, чулі пра св.Казіміра і яго жывы культ. Сужэнцы жылі ў складаныя і неспакойныя часы, таму яны вырашылі абраць за заступніка свайму малому сыну менавіта св. Казіміра...і з той пары панеслася жыццё і прыгоды Казіміра Жыліса: школа, наука катэхізісу, семінарыя, святарскія пасвячэнні і душпастырская паслуга ў Літве, Украіне, і ад 1983 у Беларусі.

Кс. Казімір трывае сярод нас як павадыр, як той, хто клапоціцца, каб мы не згубіліся сярод колераў сучаснага свету.

Ксёндз біскуп таксама прыгадаў шматлікія значныя моманты пастырскай паслугі а. Казіміра: як ён заўсёды навучаў маладых бацькоў імкнуцца да стварэння вялікіх сем’яў, колькіх ён хрысціў і бежмаваў, як дапамагаў малым хлопцам асвоіцца ў службе пры алтары, як намагаўся выкараніць звычай “водкі на стале” на памінальных мерапрыемтсвах, як паклаў пачатак евангелізацыі праз радыё і тэлебачанне ў Беларусі, як аднаўляў разбураныя храмы і г.д.

- Сёння ўсе мы дзякуем Богу за дар асобы кс. Казіміра ў жыцці гродзенскай катэдры і кожнага з нас. Няхай жа Маці Божая і св. Казімір атачаюць сваёй апекай цябе, а. Казімір, і ўсіх імяніннікаў, - скончыў казанне кс. біскуп.

img 1007

 

img 1058

 

Напрыканцы набажэнства вернікі павіншавалі юбіляра і ўручылі яму падарункі.

Фота: Вольга Сяліцкая