Skip to main content

Ружанец ... на бeгу. 365 дзён

За 365 дзён ён аббег зямны шар. Еў толькі хлеб, піў малако і ваду. Выкарыстаў 15 пар абутку. І ногі успухалі і крывацёкі былі ... Але ён бег далей - з малітвай на вуснах.

У парафіі св. Брата Альберта на гданьскім Прымор'і (Польшча), 22 лютага, адбылася сустрэча з Пятром Курылам, падарожнікам, марафонцам і ультрамарафонцам. 

Пётр нарадзіўся ў маленькім сяле пад Аўгустовам. Яшчэ дзіцём бегаў палявымі і ляснымі дарогамі - «проста так, для здароўя». Але толькі пасля 30-га дня нараджэння, пачуўшы па тэлевізары аб Варшаўскім марафоне, вырашыў «бегаць сур'ёзна». 

За восем гадоў ён ужо прабег больш за 50 марафонаў і супермарафон. У 2010 сказаў: "стоп". 

- Прайшло шмат часу, перш чым я зразумеў, што плачу за гэта занадта высокую цану. Я хацеў прысвяціць больш часу сям'і, - прызнаўся марафонец. І, «паклаўшы руку на сэрца», сказаў жонцы, што прабяжыць яшчэ адзін, апошні марафон ... вакол зямлі. 

- На шчасце, жонка ведае, што бег - гэта маё захапленне. Яна заўсёды мяне падтрымлівала і падтрымлівае далей. У той дзень я атрымаў згоду, - кажа Пётр, усміхаючыся. 

Свой самы доўгі марафон ён назваў «Бег дзеля міру». Хацеў звярнуць увагу на пастаянныя ўзброеныя канфлікты ў свеце. 

Пачаў падрыхтоўкі. Шукаў спонсараў, камплектаваў рыштунак і ... вучыўся веславаць. «Я так падумаў, што часам, каб даць нагам адпачыць, сяду ў каяк і праплыву трохі", - растлумачыў бягун. Каяк ён цягнуў за сабой на спецыяльнай, трохколавай калясцы.

Мірны прабег ледзь не сарваўся ў самым пачатку. «На Снярдвах [вядомае ў Польшчы вялікае возера. – заўвага аўтара.] мяне застала навальніца, я ледзь выбраўся на супрацьлеглы бераг». Ратавальнікі сустрэлі яго словамі: «Мы цябе з вежы бачылі, добра спраўляешся, таму не перашкаджалі». 

З каякам ж неўзабаве прыйшлося расстацца. Гэта было ў Іспаніі, дзе Пётр планаваў праплысці 80 км па рацэ Таг. Аказалася, што на карце, якую меў пры сабе, былі пазначаныя буйныя плаціны, але ніхто не прапісаў вадаспадаў. «Наступіў момант, калі я трапіў у адзін з іх. Я тануў, задыхаўся. У рэшце рэшт, аднак, мне ўдалося выкараскацца і дабрацца на бераг». 

Пётр страціў там тэлефон і большасць рэчаў. Тое, што засталося, памясцілася ў маленькі заплечнік. У рэшце рэшт, ён дабраўся да Партугаліі, адкуль павінен быў вылецець у ЗША. Быў брудны, не брыты, без рыштунку і грошай. Выглядаў як валацуга. Але быў жывы. 

«Я глянуў у люстэрка і падумаў: а ты моцны. Нягледзячы столькі цяжкасцяў, дзякуючы сваёй рашучасці і адвазе дабраўся так далёка», - успамінае бягун. Потым знайшоў у кішэні картку, якую дала яму жонка, перш чым ён адправіўся з хаты. Гэта была малітва да Маці Божай Вастрабрамскай. На абароце абразка было напісана: «Хто гэты абразочак носіць, той не патоне». - «Я ўспомніў, каму абавязаны сваім ужо двухразовым выратаваннем, і ўсвядоміў, што я толькі маленькі слабы чалавек». 

З 19 далярамі ў кішэні ён прызямліўся ў Нью-Йорку. Адтуль бегам адправіўся на захад і, прабегшы праз 13 штатаў, дабраўся да Сан-Францыска. Далей самалётам даляцеў да Уладзівастока. Прабег Сібір, частку Казахстана, рэшту Расіі, потым яшчэ Літву і Латвію, каб праз 365 дзён вярнуцца да свайго Аўгустова. 

Супермарафонец сустракаўся з рознымі чалавечымі рэакцыямі. Адны спускалі на яго сабак і ставіліся як да валацугі. Іншыя дзяліліся з ім ежай, грашыма, бралі на начлег. Найбольш дапамагалі яму рускія. «Расія была краінай, дзе я кожную хвіліну сустракаў дапамогу людзей. Часта вельмі бедныя людзі дзяліліся са мной тым, што мелі», - адзначыў бягун. 

Ён не спыняў бегу ні ў дождж, ні ў спякоту, ні ў мароз.

Часам ад стомы перад вачыма станавілася чорна. Але неяк спраўляўся. У апухлых суставаў і стоп летам прыкладваў крапіву, а ўзімку - кавалкі лёду. Але больш за ўсё дапамагала малітва. 

- Я прачынаўся ў 5.30 з малітвай на вуснах, а потым адразу бег. І на самай справе я маліўся ўвесь час. Крок за крокам. Не пераставаў. Часцей за ўсё маліўся на Ружанцы ў інтэнцыі супакою ў свеце. 

Але назусім ён бегу не пакінуў. У цяперашні час рыхтуецца да марафону «Далінай Смерці» ў Каліфорніі. Што на гэта жонка? «Яна сама сказала, што я павінен падумаць аб наступным выпрабаванні. Яна ведае, што бег - гэта мая вялікая пасія ... і вызваліла мяне ад абяцання», - усміхаецца Пётр Курыла. 

Размаўляў Ян Глябовіч

Паводле старонкі Gość Niedzielny