25 студзеня ў свята навяртання Св. Апостала Паўла іерарх цэлебраваў св. Імшу ў парафіі мікрараёнаў Альшанкі і Фабрычнага.
Св. Імша з удзелам кс. бпа Юзафа сабрала шмат вернікаў, большасць з іх – гэта маладыя сем’і, якія прыйшлі на набажэнства разам з дзецьмі. Звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, іерарх асаблівую ўвагу звярнуў на каштоўнасць і неабходнасць малітвы. Кс. бп. Юзаф таксама заклікаў да адкрыцця прыгажосці малітвы і падкрэсліў, што час, прысвечаны на штодзённую жывую размову з Богам – не страчаны, але час ласкі.
- Заахвочваю маладыя сем’і будаваць жыццё на фундаменце веры ў Бога, маліцца самім і сваім прыкладам вучыць маліцца іншых, таксама прывіваць дух і практыку малітвы дзецям, - гаварыў іерарх. – Варта знайсці некалькі хвілін у дзень, каб прысвяціць іх Богу, каб падзякаваць, папрасіць. Трэба моцна трымацца веры, каб адчуваць Божую прысутнасць, Яго любоў і міласэрнасць, - падкрэсліў кс. бп. Юзаф Станеўскі.
Іерарх таксама падкрэсліў, што маладая сям’я, якая ўжо мае свае “чатыры сцяны”, павінна паклапаціцца не толькі пра матэрыяльныя рэчы: мэблю, рамонт ды інш., але не забыцца і пра знакі рэлігійнай прыналежнасці: крыж, абразы, а таксама запрасіць Бога ў сваю сям’ю, свой дом.
Напрыканцы св. Імшы кс. бп Юзаф асвяціў фігурку Маці Божай, якую будуць прымаць у сваіх дамах дзеці, што рыхтуюцца да Першай Камуніі. Таксама іерарх блаславіў вернікаў, а наймалодшым раздаў выявы святых.
Падрыхтавала Гражына Шалкевіч