Епіскапат Нігеру прыпыніў ўсю дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне «да далейшага паведамлення». Гаворка ідзе пра дзейнасць парафій, школ, медыцынскіх цэнтраў і дабрачыннай дзейнасці. Такое рашэнне стала вынікам «разграблення цэркваў і інфраструктуры ўстаноў, апаганьванне месцаў набажэнства», - сказана ў заяве.
Нагадаем, 17-18 студзеня ў Нігеру адбыліся масавыя беспарадкі, падчас якіх мясцовыя ісламісты, пратэстуючы супраць карыкатур у французскім часопісе «Charlie Hebdo», падпальвалі каталіцкія храмы і ўстановы. Было знішчана 45 цэркваў, 5 гасцініц, 36 пунктаў з напоямі, адзін дзіцячы дом, абрабавана і падпалена хрысціянская школа.
Рэспубліка Нігер - дзяржава ў Заходняй Афрыцы, насельніцтва якой складае больш за 15 млн чалавек. Па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу Нігер знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у свеце. Іслам суніцкага вызнання вызнаюць 80% насельніцтва, абарыгенныя культы і хрысціянства - 20%. Большасць хрысціян - каталікі, але ёсць невялікія супольнасці евангелістаў.
Па матэрыялах: fides.org