6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.
Нагодай для прыбыцця іерарха стала асвячэнне адрэстаўраваных арганаў у касцёле, дзе пэўны час служыў св. Максімільян Марыя Кольбэ. У 1922-1927 гг. святы нёс служэнне ў гродзенскім кляштары, адначасова развіваючы выдавецкую справу (штомесячнае выданне “Рыцар Беззаганнай”, якое было перанесена з Кракава (Польшча) восенню 1922 г.).
Кажучы пра ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, гродзенскі ардынарый нагадаў у гаміліі: “Тры Мудрацы, або Каралі, як іх называе традыцыя, прыбылі з далёкіх краін, каб аддаць нованароджанаму Дзіцяці сваю пашану”. “Перад імі адкрылася адна з вялікіх таямніц Бога, якой было пакліканне ўсіх людзей, у тым ліку язычнікаў, да Яго Валадарства”, - дадаў іерарх.
Па словах біскупа, урачыстасць Аб’яўлення Пана вучыць, “якімі рознымі дарогамі Бог вядзе людзей да сябе”. “Для адных шлях да Бога просты і кароткі. Яго ўказалі ім бацькі, сябры, добрыя людзі. Ласка веры, засеяная ў іх сэрцах падчас хросту, паступова ўзрастала і прыносіла плён спатканнямі з Богам у сакрамэнтах, на катэхезе, праз удзел у жыцці супольнасці Касцёла. Іншыя з вялікай складанасцю і ахвярай імкнуцца да Бога, часта ім даводзіцца пераадольваць неверагодныя цяжкасці, пакуль над імі не заззяе святло веры”, - сказаў гродзенскі ардынарый.
“Тры Мудрацы знайшлі Бога дзякуючы святлу зоркі, - нагадаў іерарх. – На ласку веры яны адказалі, прыняўшы высілак шукання і распазнавання Бога”. “Менавіта вера дапамагла ім распазнаць у Дзіцяці Езуса Хрыста”, - дадаў біскуп.
Кажучы пра тое, чаму сучасны чалавек можа навучыцца ад Трох Мудрацоў, іерарх адзначыў: “Іх вера трывалая, шукаючая. Тры Мудрацы з’яўляюцца для нас узорам такога непарыўнага, трывалага пошуку Пана Бога”. “Таксама і сёння, у нашым жыцці, пазнанне Хрыста патрабуе таго, каб вырушыць у шлях, - звярнуў увагу біскуп. – Быццё хрысціянінам заўсёды звязана з высілкам, з працай і рызыкай”.
Гродзенскі ардынарый заўважыў таксама, што “найпрыгажэйшым дарам, ахвяраваным Езусу, былі сэрцы Мудрацоў: любячыя, пакорныя, поўныя веры”, і “ад нас Езус таксама чакае гэтага найпрыгажэйшага дару – нашых сэрцаў”.
“Нашу малітву мы выражаем не тоькі словамі, але і праз спеў, а ў каталіцкай традыцыі спевы суправаджае арганная музыка”, - прыгадаў біскуп, кажучы пра асвячэнне адноўленых арганаў у гродзенскай святыні.
“Адноўленыя арганы асвячаюцца сёння ў гэтым касцёле, каб прыгажосць іх музыкі яшчэ больш прыцягвала нашы сэрцы і душы да Бога”, - сказаў іерарх і пажадаў, каб “добры Бог шчодра ўзнагародзіў усіх, хто спрыяў аднаўленню гэтых арганаў, сваім благаслаўленнем, а гэтыя адноўленыя інструменты гучалі на большую Божую хвалу і на радасць вернага люду”.
Біскуп заклікаў удзельнікаў Імшы “не баяцца прызнавацца ў сваёй веры ў Хрыста” і “дзяліцца з бліжнімі радасцю Добрай Навіны”. На заканчэнне гродзенскі ардынарый пажадаў прысутным, каб, заахвочаныя прыкладам Трох Мудрацоў, яны “шукалі Езуса, а знайшоўшы Яго, дазволілі Яму асвячаць нашы сэрцы”.
Таксама падчас Імшы біскуп асвяціў крэйду і кадзіла.
Паводле Catholic.by