Skip to main content

У Гродне прайшла аплатковая сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка»

27 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплатковая сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка» ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэчу арганізаваў кс. Валерый Быкоўскі — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі і апякун «Маргарытак».

 На сустрэчы сабраліся члены руху «Маргарытка» з розных мясцін дыяцэзіі. 

Малітоўны рух за святароў «Маргарытка» ўзнік у Гродзенскай дыяцэзіі год таму і налічвае сёння каля 500 чалавек – гэта мужчыны, жанчыны, дзеці і моладзь. Сутнасць апостальскага руху «Маргарытка» - штодзённая малітва за канкрэтнага святара. Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне сакрамэнту святарства.

«Маргарыткі» акружаюць апекаю духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і законных асобаў, пасвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяравання ім дару дня праз усё сваё жыццё. 

На сённяшні момант малітвай руху ахоплены 154 святары, якія служаць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і далёка за яе межамі. У апошні час узнікла таксама «Маргарытка», якая прысвяціла малітву за Мітрапаліта Мінска-Магілёўскаа арцыбіскупа Тадэвуш Кандрусевіча. 

У межах аплатковай сустрэчы адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх узгадаў пра асобу св. Яна Евангеліста, якога Касцёл успамінаў у гэты дзень, адзначыўшы, што праз успамін пра гэтага святога ў перыяд Божага Нараджэння перад намі паўстае вобраз пустога гробу Пана, так важны ў перажыванні Вялікадня. 

Па словах біскупа, добра, што літургія Касцёла ад гроту Нараджэння вядзе вернікаў да гроту Уваскрасення, бо гэтыя два факты цесна звязаны між сабой: “Без Нараджэння Уваскрасенне было б немагчымае, а без Уваскрасення Нараджэнне не мела б сэнсу”. 

Таксама ў гэты дзень да руху «Маргарытка» далучыліся новыя члены, якія склалі абяцанні і прынялі абавязак малітвы за канкрэтных святароў. 

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай, падчас якога біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім прысутным “Бога ў сэрцы і на цвёрдай далоні”. Спеў традыцыйных калядак дадаў сустрэчы радасці, якая вынікае з падзеі прыйсця на свет Збаўцы ў чалавечым целе.

 Паводле  Catholic.by