Skip to main content

Б-п Аляксандр Кашкевіч на св. Імшы ў Вігілію Божага Нараджэння: «Езус прагне перамяніць нашыя сэрцы сваёй любоўю»

У вігілію Нараджэння Пана біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу пастэрку ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. У Імшы прынялі ўдзел вернікі катэдральнай парафіі і горада Гродна.

«Мы святкуем гэтую святую ноч Божага Нараджэння не толькі для таго, каб успомніць падзеі, што адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму, — звярнуў увагу ў гаміліі іерарх. — Божае Нараджэнне прыгадвае нам, што Пан Езус прагне знайсці сабе пакой перш за ўсё ў нашых сэрцах».

Біскуп заахвоціў вернікаў запытаць сябе: «Ці чуем мы, як Езус стукаецца ў дзверы нашага сэрца? Ці хочам мы прыняць Яго? Ці ёсць для Яго месца ў нашых дамах і сем’ях?» «На жаль, хіба ў многіх дамах і сэрцах дзверы застануцца сёння зачыненымі, як некалі для Марыі і Юзафа з Дзіцяткам былі зачынены дамы і сэрцы жыхароў Бэтлеема», — дадаў гродзенскі ардынарый.

«Мы сёння тут, а гэта доказ таго, што мы адчынілі нашыя сэрцы і дамы для Хрыста, — падкрэсліў біскуп. — Мы верым у Яго, любім Яго, і, як пастушкі, мы прыйшлі, каб пакланіцца Яму. Божае Дзіця ўсміхаецца нам сёння і глядзіць на нас з любоўю».

Па словах іерарха, «так, як і ад пастушкоў, Езус не хоча ад нас багатых дароў»: «Ён толькі прагне перамяніць нашыя сэрцы сваёй любоўю», «прагне, каб мы сталі лепшымі, каб прабачылі адзін аднаму ўзаемныя крыўды, працягнулі далоні ў жэсце любові і паяднання, віншуючы адзін аднаго і дзелячыся аплаткай».

«Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас, хоча, каб у нашых сэрцах, дамах і сем’ях запанавалі добразычлівасць, любоў, радасць і супакой, — адзначыў гродзенскі ардынарый. — Ён прыйшоў на зямлю для таго, каб навучыць нас, як мы павінны жыць, як павінны перамагаць зло дабром, нянавісць — любоўю, хлусню — праўдай, абыякавасць — клопатам і спачуваннем».

«Ён нічога ад нас не патрабуе, таму давайце ахвяруем Яму саміх сябе, нашыя сэрцы, напоўненыя любоўю, дабрынёй і верай, — дадаў біскуп. — Ахвяруем Яму нашыя добрыя ўчынкі, нашыя пастановы, нашыя намаганні і працу на шляху да збаўлення».

«Няхай нашыя думкі, словы і ўчынкі, няхай усё нашае жыццё будзе гімнам удзячнасці Пану Богу за любоў, аб’яўленую нам у таямніцы Нараджэння Яго Сына. Няхай у нашых сэрцах здарыцца цуд, няхай у іх народзіцца дабрыня, якой мы будзем дзяліцца з кожным сустрэтым чалавекам», — заклікаў іерарх удзельнікаў Імшы.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч склаў усім прысустным святочныя віншаванні. Гродзенскі ардынарый пажадаў, каб радасць святаў Божага Нараджэння пасялілася ў сэрцах усіх вернікаў Касцёла на Гродзеншчыне, у сем’ях і ва ўсім грамадстве.

 

Паводле Саtholic.by