Skip to main content

«Адвэнт — пачатак новай дарогі»: біскуп Юзаф Станеўскі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў першую нядзелю Адвэнту наведаў парафію Божай Міласэрнасці (Маладзёжны) ў Лідзе. У сваёй гаміліі падчас св. Імшы іерарх заахвоціў вернікаў да малітоўнага чування перад прыйсцем Пана.

 

 

«Адвэнт з’яўляецца пачаткам новай дарогі, часам чакання на прыйсце Хрыста. Гэта чаканне павінна быць актыўным, мы павінны вырушыць у дарогу і ісці за Хрыстом», — сказаў іерарх. 

Прыгадваючы асобу св. Андрэя, апостала, якога ў літургічным календары Каталіцкі Касцёл узгадваў 30 лістапада, біскуп зазначыў, што «кожны чалавек можа зачэрпнуць з багацця асобы гэтага святога»: 

«Святы Андрэй, апостал, пачуўшы ў свой час пра Хрыста, пайшоў за Ім і прывёў да Яго і свайго брата Пятра. Мы таксама павінны не толькі самі ісці за Хрыстом, але і ўзяць за руку нашага брата і ісці разам у накірунку збаўлення», — дадаў біскуп Юзаф Станеўскі.

«Нашым братам з’яўляецца кожны чалавек, якога сустракаем на жыццёвай дарозе», — падкрэсліў іерарх. 

Біскуп адзначыў, што новы літургічны год, які распачынаецца Адвэнтам, павінен таксама мець і «грамадскае вымярэнне»: рыхтуючыся сам, я дапамагаю і іншым у гэтай падрыхтоўцы. 

Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў вернікаў Лідскай парафіі да актыўнага перажывання Адвэнту і прыняцця пастаноў на гэты перыяд.

 

Паводле Catholic.by