Skip to main content

Каманда Гродзенскай дыяцэзіі ў трэці раз выйграла футбольны чэмпіянат Беларусі сярод святароў

Галоўная інтрыга чэмпіяната заключалася, бадай, у тым, каб прадугадаць, ці здолеюць каманды скласці годную канкурэнцыю гродзенцам і перарваць іх бяспройгрышную серыю на двух чэмпіянатах запар.

 

На старт 

Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на змяшчэнне лідара былі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі, — заваяваць кубак у папярэдніх чэмпіянатах ім перашкаджалі толькі паразы ад гродзенцаў. 

Гульня праходзіла па схеме: 2 таймы па 12 хвілін. У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды — па адной дружыне ад дыяцэзіі, таму кожная каманда згуляла па тры матчы. 

Адкрываў чэмпіянат матч святароў з Гродна і Віцебска. З першых хвілін абедзве каманды рынуліся ў атаку, задаўшы высокі тэмп гульні. У выніку ўжо на 4-й хвіліне «бліцкрыг» гродзенцаў прынёс плён — 1:0. 

Каманда Віцебскай дыяцэзіі старалася не адставаць, але больш тэхнічныя гродзенцы літаральна праз хвіліну зноў пакарылі брамы супернікаў — голам завяршылася імклівая контратака кс. Ян Кузюка.

 

Віцебчане кінуліся адыгрывацца, і ў дададзены час першага тайму брамы супернікаў сапраўды дрогнулі. Але больш лік не змяняўся. 2:1 на карысць гродзенцаў. 

Другім запускам паміж сабой гулялі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Вельмі актыўна ў наступленні пачалі мінчане. У параўнанні з Пінскам іх гульня выглядала куды больш «свежай» і камбінацыйнай. 

За каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гуляў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 

75 працэнтаў матчу футбалісты правялі на гульнявой палове Пінска. Мінскія святары гулялі ў хуткі футбол, і гэта схема цалкам апраўдвала сябе. Супернік яўна прайграваў апанентам у хуткасці, таму чатыры забітыя галы ў вароты пінчан не сталі нечаканасцю.

 

Выніковы лік матчу — 4:1. 

Барацьба хуткасцяў 

Далей паміж сабой гулялі каманды-пераможцы папярэдніх матчаў. Каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мела толькі 10 хвілін для аднаўлення, але гэта не перашкодзіла ім актыўна распачаць матч супраць гродзенцаў. 

Гульня тым не менш праходзіла пад націскам святароў з Гродна. Прарывы футбалістаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў штрафную зону супернікаў таксама былі, але мінчан падводзіла тэхніка.

 

Нападаючы кс. Францішак Рудзь падчас размінкі дэманструе выдатную фізічную форму 

Як і чакалася, гульня абедзвюх каманд стала бітвай хуткасцяў. Але і першыя, і другія выдатна гулялі ў абароне. Мінчанам не ставала хіба што правільных рашэнняў у вострыя моманты. 

Гэтым і скарысталіся супернікі. Гол з правага флангу ў самую дзявятку брамаў мінчан ўжо ў сярэдзіне першага тайму. 

Мінчане кінуліся ў контратаку і амаль забілі: моцны ўдар нападаючага кс. Рамана Сушы спыніў толькі галкіпер гродзенцаў кс. Юрый Гурскі, якому мяч трапіў у нос — патрабавалася замена брамніка. 

Пасля перапынку мінчане з новымі сіламі кінуліся атакаваць і былі нават блізкія да рэваншу. Але гродзенцы выстаялі. Лік гульні — 1:0.

 

Дзяўчаты з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне — Святлана Віткоўская, Марыйка Лубнеўская і Марыя Скупец — група падтрымкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 

Зусім іншым выглядала супрацьстаянне футбольных каманд Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Іх атакі не вызначаліся надзвычайнымі хуткасцямі, часам наадварот — гэта была барацьба тактык. Абедзве дружыны практыкавалі «спакойны» футбол з камбінацыямі ў некалькі перадач. Больш актыўнай была віцебская дружына, якая ўжо ў першым тайме забіла тры галы. Другі тайм падарыў шэраг цікавых момантаў — матч завяршыўся не на карысць пінчан 2:4.

Разгром пінчан і чарговы трыумф гродзенцаў 

Пасля дзвюх пераможных гульняў футбалістам з Гродзенскай дыяцэзіі заставалася зрабіць апошні крок да кубка пераможцаў. Для гэтага ім трэба было абыгрываць пінчан. 

Пінчане ў выпадку перамогі над гродзенцамі давалі б тэарэтычны шанец для каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая абыграла віцебчан з мінімальным лікам 0:1. 

Матч распачаўся з уласцівым гродзенскім футбалістам націскам. І ўжо на першых хвілінах лік гульні быў адкрыты. 1:0. 

Пінская каманда не падала духам і працягвала супраціўляцца. Але было заўважна, што яны крыху «падселі», прайграючы супернікам у спрытнасці. Гродзенцы абыгралі камбінацыю ў некалькі перадач і павялічылі лік на табло. 

Гульня амаль цалкам пераносіцца ў штрафную пінчан з іх рэдкімі контратакамі. Але гродзенцаў было не стрымаць. На перапынак каманды сыходзілі пры ліку 4:0.

 

Калі ў першай партыі яшчэ адчувалася барацьба пінчан, то другая частка гульні прайшла цалкам пад дыктоўку мінулагодніх чэмпіёнаў. Галы забіваліся хутка і камбінацыйна. У выніку пінская каманда атрымала «баранку» — выніковы лік 0:8. 

Хто спыніць гродзенцаў? 

ІІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў паказаў, што трывалым лідарам сёння з’яўляецца каманда Гродзенскай дыяцэзіі. І барацьба за першы радок калі і магчыма, то найбольшыя шансы адваяваць лідарства ў каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

«Асноўная праблема святароў-футбалістаў Беларусі — фактычна поўная адсутнасць базавай футбольнай падрыхтоўкі», — прызнаўся ў гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by трэнер футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі Яўген Сакалоўскі, які трэніруе і зборную Беларусі святароў па міні-футболе». 

Свае трэніроўкі мы пачыналі за месяц, больш актыўна займаліся ўжо бліжэй да чэмпіянату. На трэніроўцы адпрацоўваем не толькі тэхніку, але і шмат размаўляем аб стратэгіі. Канешне, гэта не проста, бо не ўсе святары могуць прыехаць на трэніроўку, але я задаволены, што сёння мы згулялі на ўзроўні».

 

Каманда Гродзенскай дыяцэзіі — трохразовыя чэмпіёны Беларусі па міні-футболу сярод святароў 

Яўген Сакалоўкі дадаў, што лічыць наяўнасць у камандзе свецкага трэнера плюсам. «Калі каманду трэніруе святар — свой сярод сваіх — у камандзе могуць з’яўляцца любімчыкі, ды й стаўленне да ўсіх можа быць суб’ектыўным. Са свецкім трэнерам такога няма. На сваім прыкладзе магу засведчыць: каманда паважае трэнера як аўтарытэт у футбольнай справе і прыслухоўваецца да яго парадаў». 

Яшчэ адной праблемай святарскага футболу трэнер Сакалоўскі назваў вялікую ратацыю ў складзе каманд.

 «Футбол — камандная гульня. І, каб дабіцца ў ёй поспеху, неабходна найперш зыгранасць ігракоў. А калі склад каманд змяняецца з кожным годам больш чым на 50 працэнтаў, то спадзявацца на поспех становіцца цяжэй».

 

Статыстыка турніру: 

Лепшы бамбардзір – кс. Антон Лагуцёнак (каманда Віцебскай дыяцэзіі) 

Лепшы галкіпер – кс. Юрый Гурскі (каманда Гродзенскай дыяцэзіі) 

Лепшы ігрок – кс. Францішак Рудзь (каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі)

 

Нападаючыя кс. Ян Кузюк і а. Віталій Бандаронак OFMCap былі галоўным ядром гродзенскай каманды. Належнае варта аддаць і гродзенскім брамнікам: кс. Артуру Малафею і кс. Юрыю Гурскаму.

 

Усе тытулы(3) каманды пераможцы

Маладзечна-2014 (кубак) 

Лепель-2013 (кубак) 

Ліда-2012 (кубак) 

Ілья Лапато 

фота Віталія Палінеўскага

Па матэр'ялах Catholic.by