Двое маладых хрысціян былі цяжка замучаны ў Пакістане па абвінавачванні ў блюзнерстве. Мужа і жонку спалілі жыўцом у печы для абпалу цэглы.
Самасуд адбыўся ў паселішчы пад Лахорам на ўсходзе Пакістану. Шаму Бібі (Shama Bibi) і Шехзада Масіх (Shehzad Masih), абвінавацілі ў тым, што яны нібыта спалілі некалькі старонак Карана. 2 лістапада сям’ю, якая працавала на цагляным заводзе, схапілі і двое сутак трымалі ў будынку завода. Лінчаванне адбылося 4 лістапада: няшчасных кінулі ў печ, у якой абпальвалася цэгла. Як распавёў пакістанскі праваабаронца, адвакат-хрысціянін Сардар Муштак Гіл, які пабываў на месцы расправы, абвінавачванні ў блюзнерстве былі звязаны з нядаўняй смерцю бацькі Шэхзада. Шаман, робячы ўборку ў доме нябожчыка свёкра, спаліла нейкія паперы, якія здаліся ёй непатрэбнымі. Аднак па словах мусульманіна, які знаходзіўся паблізу, сярод спаленых папераў было некалькі старонак з Карану. Ён адразу ж паведаміў аб тым, што здарылася, сваім знаёмым, і неўзабаве слых абляцеў усе навакольныя паселішчы. Неўзабаве натоўп «змагароў» колькасцю больш за 100 чалавек схапіў маладых мужа і жонку.
Мясцовыя хрысціяне адразу ж паведамілі пра захоп Шэхзада і Шамы ў паліцыю, аднак тая адрэагавала занадта позна, калі сужанцы былі ўжо забітыя. Па факце самасуду было затрымана 35 чалавек.
«Гэта сапраўдная трагедыя, бесчалавечны і варварскі акт, - кажа Сардар Муштак Гіл. - Міжнародная супольнасць павінна рашуча асудзіць гэты выпадак, які красамоўна сведчыць аб тым, што жыццё хрысціянаў у Пакістане пастаянна знаходзіцца пад пагрозай. Дастаткова простага абвінавачвання - і людзі становяцца ахвярамі варварскай расправы. І пакуль што незразумела, ці пакараюць ўлады забойцаў».
Паводле Pravmir.ru