Сайт Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі знаёміць чытачоў з кандыдатамі да святарства, якія некалькі тыдняў таму пераступілі парог сваёй Аlma Mater і навучаюцца на І-ым курсе. Хто гэтыя людзі, адкуль і калі яны першы раз адчулі Божае пакліканне ў сваёй душы, прапануем Вам даведацца.
Мяне завуць Яўген Абрамаў, мне 18 гадоў. Паходжу з Ліды, з парафіі Ліда - Слабада. Міністрантам на парафіія быў з 8 гадоў. Першую камунію прыняў у 2008 годзе. У 2012 годзе прыняў сакрамант Канфірмацыі. Вучыўся да 9 класа ў сярэдняй школе, а потым паступіў у школу з гісторыка-грамадазнаўчым ухілам. Скончыў школу ў 2014 г. Адразу пасля школы я паступіў у семінарыю. Рэакцыя родных мне людзей была пазітыўнай. Першыя думкі пра паступленне ў семінарыю ў мяне з'явіліся ў 9 класе, аднак у гэтым не было ўпэўненасці. Пазней я ўсё больш задумваўся аб святартсве. Назіраў за пробашчам і вікарыем, і думаў аб пакліканні. У 2014 г. я прыняў удзел у рэкалекцыях ў семінарыі, якія дапамаглі мне ўзмацніцца ў сваім пакліканні. Пакліканне - гэта вялікі дар і таямніца, якія цяжка растлумачыць.
Мяне завуць Яўген Амасёнак. Нарадзіўся 8 сакавіка 1987 года ў г. Слоніме. Вучыўся ў сярэдняй школе з музычным ухілам. У 12 гадоў пазнаёміўся з а. Вітальдам, які разам з маімі бацькамі аказалі ўплыў на мой жыццёвы погляд і духоўнае развіццё. Памятаю, як у апошнія гады навучання ў школе, шмат разважаў на тэму паклікання. Адчуваў у сэрцы, што Бог падрыхтаваў для мяне, як і для кожнага чалавека, найлепшы і непаўторны жыццёвы шлях. Потым аднак, вырашыў не спяшацца з высновамі і пачаў навучацца ў БДЭУ на факультэце гасцінічнай і рэстараннай гаспадаркі. Падчас навукі пазнаёміўся з вельмі цікавымі людзьмі, якія таксама паўплывалі на маё духоўнае станаўленне, асабліва ў падчас рэпетыцый у моладзевым тэатры. Прымаў удзел у служэнні “Легіёна Марыі”, дзе ўжо канчаткова вырашыў пайсці вучыцца ў семінарыю, каб далей распазнаваць сваё жыццёвае пакліканне.
Мяне завуць Андрэй Струкель. Паходжу з парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Сваё пакліканне я адчуў пасля 9 класа. Але пасля размовы з бацькамі я застаўся ў школе і пасля 10 класа паступіў у Лідскі каледж на электрамеханіка. На працягу 4 гадоў навучання мяне не пакідалі думкі аб маім пакліканні. І вось заставалася паўгода да атрымання дыплома, калі я пачуў голас Бога, які сказаў мне: «Вазьмі свой крыж і ідзі за мной». Гэтыя словы я пачуў на моладзевай Адарацыі ў касцёле, на якой я маліўся аб выбары жыццёвай дарогі: або служыць Богу і людзям, або быць добрым бацькам. У канцы Aдарацыі праз сястру Кляру я пачуў гэтыя словы і я адразу адказаў Богу «ТАК». На маё пакліканне паўплывалі ксяндзы з маёй парафіі, але вялікі ўклад унеслі мае бацькі і бабуля з дзядулем, якія ўзялі на сябе адказнасць пасля майго хросту давесці мяне да Бога. Калі я сказаў сваім бацькам аб тым, што я буду паступаць у Вышэйшую духоўную семінарыю, яны былі вельмі здзіўленыя і шакіраваныя. Але яны - мае бацькі,любяць мяне і жадаюць мне дабра. Сабраўшы ўсе патрэбныя дакументы, я прыехаў у семінарыю. Прысутнічаў спачатку на рэкалекцыях для хлопчыкаў. А пасля рэкалекцый здаваў уступныя іспыты. І, рэалізуючы сваё пакліканне, хачу сказаць тым хлопцам,якія чуюць голас Бога,каб не баяліся адказацьЯму «ТАК».
Мяне завуць Вадзім Каўтанюк. Паходжу з Навагрудка, з парафіі святого Міхала Арханёла. Мне 24 гады. Сёлета я паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне. Я вельмі задаволены гэтым фактам. Марыў аб гэтым яшчэ ў школе, але бацькі хацелі, каб я спачатку атрымаў свецкую адукацыю, а ўжо потым – пайшоў у Семінарыю. Я паступіў у Беларускі Дзяржаўны Універсітэт на факультэт журналістыкі і скончыў яго ў 2012 годзе. Вучыўся на бюджэце, таму быў вымушаны адпрацоўваць яшчэ 2 гады па размеркаванні. І вось, нарэшце я там, дзе так даўно жадаў быць. Пакліканне адчуў яшчэ ў малым узросце, калі шпацыраваў з бабуляй каля касцёла святога Міхала на каляды і ўбачыў агеньчыкі пад самым дахам касцёла. Тады мне вельмі захацелася стаць святаром. Мне было дзесьці каля 6-7 гадоў. Потым – першая Святая Камунія, служба міністрантам і, нарэшце, Семінарыя.
Мяне завуць Павел Канановіч. Упершыню пачуў пакліканне стаць святаром, калі служыў у войску. Паходжу парафіі Cвятой Сям’і ў Лідзе. Пасля арміі працаваў на будоўлі. Перад паступленнем у семінарыю скончыў 3 курса БНТУ (будаўнічы факультэт). Увесь гэты час разважаў аб пакліканні. На мой выбар аказалі пэўны пазітыўны ўплыў с. Клара CSFN, якая паходзіць з маёй парафіі і іншыя святары. Вялікі ўплыў аказаў на мяне таксама кс. Валерый Быкоўскі, падчас удзелу ў рэкалекцыях паклікання ў семінарыі. Бог пасылаў на маім шляху шмат знакаў, якія дапамаглі мне прыняць гэтае рашэнне. Хачу парадзіць тым, хто думае над прыняццем рашэння пайсці ў семінарыю: не бойцеся ісці за Езусам!
Мяне завуць Аляксей Шарыпаў. Паходжу са Смаргоні, парафія св. Міхала Арханёла. Пакліканне пачаў адчуваць у 9 класе пасля прыняцця Сакраманту Канфірмацыі. Пасля гэтага пачаў хадзіць на рэкалекцыі, якія адбываліся ў нашым касцёле, таксама ездзіў у Мінск на рэкалекцыі і начное чуванне, якія таксама моцна паўплывалі на мой выбар. Пасля 10 класа, стаў міністрантам. Акрамя рэкалекцый, размаўляў з некаторымі святарамі на тэму паклікання. Пасля 11 класа вырашыў пайсці ў семінарыю, каб далей распазнаваць пакліканне.
Паводле wsd.grodnensis.by