Skip to main content

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі з’ядналaся на ружанцовай малітве праз скайп

Малітоўная акцыя, ініцыятарам якой з’яўляецца душпастырства студэнцкай моладзі Гродна „Open”, адбылася ўжо ў чацвёрты раз.

Малітве на Ружанцы ў он-лайн фармаце папярэднічала св. Імша ў пабрыгіцкім касцёле, якую цэлебраваў кс. б-п Юзаф Станеўскі. У сваёй гаміліі іерарх прыгадаў гісторыю аб’яўлення Маці Божай тром пастушкам, якое адбылося ў 1917 г. Кс. бп. Юзаф звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што прысутнасць Панны Марыі можа адчуць кожны, хто моліцца на Ружанцы. Гэтая форма малітвы ажыўляе хрысціянскае жыццё і будуе супольнасць веруючых людзей, яна таксама з’яўляецца найлепшай зброяй ў брацьбе са злом і грахом. 

- Разважаючы таямніцы Ружанца мы разважаем не толькі аб пэўных сцэнах з жыцця Марыі ці Езуса, але і аб падзеях з уласнага жыцця, мы вучымся перажываць радасць, боль, узлёты і падзенні, захоўваючы вернасць Богу, - падкрэсліў іерарх. 

Пасля набажэнства моладзь з Гродна, Ліды, Воранава, Навагрудка і Гудагая спалучылася ў малітве праз Skype. Разважаючы ружанцовыя таямніцы, славячы Бога ў песнях, хлопцы і дзяўчаты ў чарговы раз пацвердзілі, што каталіцкая моладзь адчувае вялікую патрэбу ў супольнай малітве і прагне ісці ўслед за Хрыстом і Марыяй.

 

Падрыхтавала Гражына Шалкевіч