5 кастрычніка адбылася першая ў гэтым навучальным годзе сустрэча старэйшай групы Савіё-клуба ў салезіянскім араторыі ў Смаргоні. Клуб дзейнічае тры гады і дапамагае дзецям праз сумесныя сустрэчы шукаць шлях да святасці.
У гэтым годзе Савіё-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі і зараз налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. Першая сустрэча для малодшай групы адбылася разам з іх бацькамі, каб яны адчулі сямейны і радасны дух, які пануе на сустрэчах клуба, паведамляе sdb.by.
На сустрэчы старэйшыя дзеці прыгадалі абяцанні, складзеныя Богу ў мінулым годзе. Праз малюнкі і сцэнкі яны паказалі, як прыклад святога Дамініка Савіё дапамагаў ім быць сапраўднымі хрысціянамі падчас лета. Напрыканцы былі гульні і традыцыйнае слова на дабранач ды песня да Дамініка Савіё з малітвай.
Праз удзел у Савіё-клубе ў дзяцей ёсць магчымасць ісці па слядах святога Дамініка Савіё, які выхоўваўся ў араторыі святога Яна Боско і прыкладам свайго жыцця пацвердзіў, што святасць у 14-гадовым узросце магчыма. Ісці да святасці ўдзельнікам клуба дапамагаюць сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, гульні, выхады і выезды на прыроду.
Паводле sdb.by
Выявы sdb.by