Skip to main content

Папа моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ

Пантыфік прыняў Клаўдыё ГуджэроціПапа Францішак пазнаёміўся з сітуацыяй Касцёла ў Беларусі, атрымаў некаторыя падарункі ад беларускіх вернікаў і выказаў надзею, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, будуць адчуваць сябе пратаганістамі будучыні – людзьмі, неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва. Аб гэтым ён сказаў падчас аўдыенцыі для Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці 25 верасня 2014 г. Святы Айцец прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і нагадаў, што асаблівая місія хрысціян – быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by.

Пантыфік падкрэсліў, што Святы Пасад і надалей будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа і выказаў надзею на тое, што атмасфера дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў.

Апостальскі нунцый, у сваю чаргу, перадаў папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак – падарунак беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З жывой зацікаўленасцю Пантыфік пазнаёміўся са здымкамі і пасланнем, якое яму скіравалі маладыя пілігрымы. Папа таксама запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.

Паводле Радыё Ватыкана