Адпустовую ўрачыстую святую Імшу ў свята Ўзвышэння Святога Крыжа ў Пабернардынскім касцёле ў Гродна ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку св. Літургіі пастыр дыяцэзіі асвяціў адноўленую пасля рэмонту капліцу і прывітаў прысутных вернікаў.
"Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае верных, каб запытацца ў саміх сябе, што азначае крыж для мяне?" – такім пытаннем распачаў сваю гамілію іерарх. “Мы бачым крыж у касцеле, на могілках, на шыі чалавека, у машынах, але чаму мы аддаем пашану святому Крыжу? Крыж - не ўпрыгожванне! Крыж – гэта знак перамогі, знак любові і прабачэння. Калі хочаш даведацца, як Пан Езус нас кахае – паглядзі на крыж... "Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх". Крыж Хрыста вучыць нас, што ў найвялікшым цярпенні мы не адныя. Крыж нагадвае, што заўсёды з намі ёсць Езус..."
Адна легенда гаворыць, як Бог злітаваўся на адным чалавекам, які заўсёды наракаў, што ягоны крыж з’яўляецца надта цяжкім для яго. І добры Бог завёў гэтага чалавека ў пакой, дзе знаходзілася шмат розных крыжоў. Чалавек пачаў падбіраць пад сябе крыж, але цяжка яму было гэта зрабіць, бо крыж быў або зацяжкі, або надта вялікі, або калючы. Але потым знайшоў такі, які яму падыйшоў. “Гэты хачу несці” – так сабе сказаў. Але, прыгледзеўшыся, заўважыў, што гэта быў той самы крыж, які ён нёс да гэтага моманту.
Гэтая легенда вучыць нас, каб мы даверыліся Божай міласэрнасці. "Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною". Пан Езус абяцаў, што наш крыж ніколі не будзе без сэнсу. Крыж не павінен быць для нас чымсьці жудасным. Ён павінен быць для нас знакам Змёртвыхпаўстання.
"Памятайце, што для Езуса крыж – гэта шлях да радасці паўстання з мёртвых. Таксама і для нас ён павінен быць такім знакам. Кожны нясе свой крыж, але не адзін, бо побач ёсць Хрыстос”, - сказаў біскуп Аляксандр.
Пасля святой Літургіі адбылася Эўхарыстычная працэсія па касцёле, потым жа ўсе сабраныя атрымалі Божае благаслаўленне. Напрыканцы ўрачыстага спаткання дзеці і моладзь падзякавалі кс. біскупу за прысутнасць і малітву.
Кл. Раман Вайцяховіч