Skip to main content

Па слядах Яна Паўла ІІ: шчырае сведчанне пасля падарожжа

pa sladach jp-4Падчас летніх вакацый Бог падарыў мне неверагодны падарунак – гэта было паломніцтва па святых месцах Польшчы. Кожны можа сабе ўявіць, як цяжка маці чацвярых дзяцей і мужам, які ўвесь час працуе, вырашыцца на такі крок. Я ехала ў гэтае паломніцтва, не разумеючы і не ведаючы, чаго я хачу.

Я маю для шчаслівага жыцця ўсё: веруючага, любячага мужа, дзяцей, - словам, усё, што мне трэба. Так, ёсць дзіця-інвалід, але гэта хутчэй благаслаўленне для сям’і, чым пракляцце. Калі мы з мужам памром, яшчэ пытанне, дзе мы будзем. А калі памрэ наша дзяўчынка, то яна дакладна будзе ў Раі, бо ў ёй няма граху, яе душа ў бяспецы. З такімі думкамі я ехала і не ведала, аб чым прасіць Госпада. Тады я спыталася, што Ён хоча мне даць, і пачула адказ: “Прасі Неба, веры і моцы”. З гэтай просьбай я і прыехала да Божай Маці. Шмат людзей мяне прасілі аб малітве, таму іх просьбы я прывязла таксама.

Першы дзень – старадаўні горад Торунь. Вельмі прыгожы і велічны горад сустрэў нас ветліва. Я тут упершыню. Уразіла “Радыё Марыя”. Людзі, якія там працуюць, робяць усё для Божай Хвалы, каб свет яшчэ больш пазнаў Хрыста. Усё прасякнута Божым Духам, супакоем. Але асабліва мяне ўразіла другая маленькая капліца. Там я сустрэла жывога Езуса. Яго прысутнасць праняла мяне наскрозь. Я атрымала вылечванне ранаў, якія мне нанеслі бліжнія. А яшчэ Госпад даў мне дар узмацняючай ласкі, сілы ісці далей. Там жа, ў Торуні, мы наведалі месца, дзе быў выкрадзены кс. Ежы Папялушка, і на гэтым месцы цяпер знаходзіцца крыж памяці. Верны слуга, ён памёр за Езуса, свайго Госпада і Адкупіцеля. Як нам не хапае гэтай вернасці! Быць верным у малым: штодзённая малітва, ціхае спаўненне сваіх абавязкаў…Я папрасіла гэтага святога маліцца за нашыя сем’і, каб мы таксама, як ён, былі верныя свайму пакліканню.

Другі дзень – горад Любань, Касцёл Служак Марыі пад апекай св. Эдмунда Баяноўскага. Я ніколі не чула пра св. Эдмунда, і мне было цікава пазнаёміцца з ім. Калі я слухала расповед с. Марты пра яго жыццё, то падумала, як добра, што я сюды прыехала, бо я адчула з ім вялікую роднасць. Калі я падыйшла да яго мошчаў – узмацнілася ў гэтым. Святы Дух дакрануўся да мяне сваёй ласкай, і я зразумела, якія рабіла памылкі ў выхаванні дзяцей. І гэта мяне не здзіўляе, бо св. Эдмунд – заступнік дзяцей, бедных і ўбогіх. Я падзякавала яму за малітву і папрасіла далейшага заступніцтва. Святы Эдмунд, маліся за нас, каб мы былі добрымі маці і татамі для сваіх дзяцей!

Трэці дзень – горад Познань. Мяне ўразіла вялікая колькасць касцёлаў, асабліва старых, багатых сваёй гісторыяй. Сам горад поўны звычаяў. Іншаземцы і жыхары горада збіраюцца ў цэнтры, на галоўнай плошчы, каб убачыць цікавую рэч – бой казлоў. Нам пашчасціла – мы таксама гэта ўбачылі.

Едзем далей у Ліхэнь. Якая Ты, маці Божая Ліхэньская? Я шмат чула аб гэтым святым месцы і вельмі чакала гэтай сустрэчы. Ліхэнь быў прапітаны ўрачыстасцю і духоўнасцю. Гэта палац Марыі, яе рэзідэнцыя. Яна Каралева, Валадарка свету, Валадарка нашых сэрцаў, наша Маці. Калі я прыйшла ў базіліку, я адчула сябе маленькім дзіцём, якое прыехала ў дом бацькоў, каб наведаць іх. Я адчула сябе каралеўскім дзіцём і перажыла гэту блізкасць Марыі, як мамы, і асаблівую пяшчоту Нябеснага Айца. Марыя мяне благаславіла сваім асаблівым матчыным благаслаўленнем праз рукі кс. Яўгена Макульскага, з якога тут усё пачыналася. Я зразумела, якая Яна, Маці Божая Ліхэньская. Асабліва Яна дапамагае ўсім адрынутым, тым, хто не меў любові маці і бацькі. Дае такі дар спазнаць яе любоў і моцна сціскае, каб суцешыць. Маліся за нас, Маці Божая Ліхэньская, каб мы ўсе пазналі любоў Айца Нябеснага, каб узлюбілі Яго ўсім сваім сэрцам.

Чацвёрты дзень – Чэнстахова – духоўная сталіца Польшчы. Тут нават дыхаецца лёгка, настолькі ўсё прасякнута Божым Духам, Яго прысутнасцю. Калі я абыходзіла на каленях алтар і падыйшла зусім блізка, Маці Божая абняла мяне і дакранулася да майго сэрца, параненага грахом, каб вылечыць яго. Тут у святым месцы Марыя – лекар. Яна, як маці, ведае нас, куды запрасіць Езуса, каб Ён нас вылечыў нас, вызваліў, ачысціў. Езус не можа адмовіць Марыі. Церпячая разам са сваім сынам, Марыя вельмі спачувае ўсім хворым, нешчаслівым, абцяжараным. Такой я ўбачыла Маці Божую Чэнстахоўскую, якая клапоціцца пра духоўны і фізічны стан сваіх дзяцей. Каб яны, вылечаныя духам і целам яшчэ больш наблізіліся да Госпада і служылі Яму і бліжнім у супакоі і любові.

Незадоўга да гэтага паломніцтва мне прысніўся сон. Прывезлі фігуру Маці Божай, і я стала ў чарзе, каб пакланіцца ёй. Я падыйшла зусім блізка, пацалавала яе, нешта папрасіла. І раптам убачыла, што Яна стаяла жывая і ўсміхалася мне. Я ніколі не забуду гэтую ўсмешку! Тут было ўсё сказана без слоў: “Я люблю цябе, маё дзіця, чую цябе, абараняю і благаслаўляю”. Калі я прыехала да Маці Божай Кальварыйскай і стала на калені, каб прывітаць Яе, то ўбачыла такую самую ўсмешку як у сне. Гэта Яна прыходзіла да мяне, каб суцешыць. Маці Божая Кальварыйская дапамагае несці Крыж усім, для каго ён занадта цяжкі. Яна бярэ цяжкасці сваіх дзяцей на свае матчыныя плечы і нясе нас усіх у сваім сэрцы да свайго Сына Езуса, выціраючы нам слёзы. Гэта ўсё я ўбачыла і перажыла, наблізіўшыся да Марыі ў гэтым абразе. Я атрымала дар несці свой крыж з радасцю.

Пяты дзень. У Кальварыі Зэбжыдоўскай ёсць Крыжовы шлях, які называюць польскім Іерусалімам. Ён выкладзены з камянёў, прывезеных са Святой Зямлі. Калі мы абыходзілі Крыжовы шлях, да мяне прыйшла думка: зняць абутак. Я не хацела гэтага рабіць, таму што мае ногі і так былі ўсе ў мазалях. Але незаўважна для сябе і ўсё-такі гэта зрабіла. Камяні былі вельмі вострыя, але я не адчувала болю ці дыскамфорту. Наадварот, мне было вельмі лёгка і мякка ісці, як у тапачках. А побач са мной ішла Марыя. Я адчувала Яе прысутнасць і падтрымку. Гэта Яна, мая Мама, несла мой крыж – таму мне было так лёгка! У канцы шляху нас чакаў сюрпрыз – сустрэча з манахам-пустэльнікам, якая вельмі мяне ўсхвалявала. Ён жыве высока на гары ў капліцы Марыі Магдалены. Манах вельмі ветліва нас сустрэў. У мяне нават атрымалася з ім трошкі паразмаўляць. Я папрасіла яго аб малітве і благаслаўленні. Якім глыбокім супакоем быў напоўнены гэты чалавек! А колькі ў ім мудрасці! Ён адмовіўся ад усяго свету, як Марыя Магдалена, і рыхтуецца да сустрэчы з Госпадам кожны дзень праз малітву і пост. Гэта сустрэча дапамагла мне шмат аб чым задумацца. “Спыніцеся і ведайце, што Я Госпад” – так напісана ў Бібліі.

Едзем далей – горад Кракаў, культурная сталіца Польшчы. Сам горад – гэта музей: старыя вулічкі, каралеўскія палацы, утульныя двары. Кожны будынак мае сваю культурную і гістарычную каштоўнасць. Асабліва мне спадабаўся каралеўскі замак Вавэль, бо тут адлюстравана ўся гісторыя Польшчы.

Шосты дзень. Вадовіцэ. Гэта радзіма Яна Паўла ІІ. Асабліва лёгка мне было маліцца ў касцёле, дзе хрысцілі маленькага Караля Вайтылу. І гэта не выпадкова, тут знаходзяцца яго мошчы, тут адчуваецца яго прысутнасць і заступніцтва. Дом, дзе ён жыў, цяпер музей. Я зразумела, які ён, Ян Павел ІІ. Гэта апостал любові, і тут усё пранізана любоўю. Маліся за нас, Ян Павел ІІ, каб мы напоўніліся Божай любоўю.

У апошні дзень нашага падарожжа мы наведалі салявыя пячоры ў Вялічцы. Цэлы горад пад зямлёй! Нават там, 135 м пад зямлёй, людзі змаглі праславіць Госпада, зрабіўшы з солі капліцы і алтары. Ніколі такога не бачыла!

Апошнім месцам былі Лагеўнікі ў Кракаве – непаўторнае месца, дзе знаходзіцца санктуарый “Божай Міласэрнасці”, у якім захоўваюцца мошчы св. с. Фаустыны. Няма слоў, каб апісаць тыя пачуцці, якія адчувае чалавек у гэтым месцы. Жадаю ўсім пабываць на гэтым месцы малітвы, а перад гэтым, як я, прачытаць дзённік св. с. Фаустыны.

Вось і падыйшло да канца нашае паломніцтва. На шляху мы сустрэлі шмат добрых людзей, якія нас кармілі, праводзілі экскурсіі, давалі начлег. Асаблівую ўдзячнасць і падзяку ад імя ўсёй групы хачу выказаць нашым святарам: а. Вальдэмару Слота і кс. Паўлу Беланосу за арганізацыю гэтага падарожжа, за іх турботу і вялікую працу. Дзякуем, нашыя пастыры! Няхай Бог вас благаслаўляе за Вашыя добрыя і адкрытыя сэрцы, за тое, што мы так шмат убачылі, шмат аб чым даведаліся і атрымалі мноства дароў ад Марыі і Езуса.

Хвала Хрысту!

Алена Цякала, В. Бераставіца

pa sladach jppa sladach jp-2pa sladach jp-3pa sladach jp-4pa sladach jp-5pa sladach jp-6pa sladach jp-7pa sladach jp-8pa sladach jp-9pa sladach jp-10pa sladach jp-11