Skip to main content

Калі трэба бурыць храм: капліца ў Гродна на дзевятоўцы

dziewiatouka kaplica-347 верасня ў старой капліцы на Дзевятоўцы ў Гродна адбудзецца незвычайная св. Імша. Гэта будзе апошняя Эўхарыстыя для гэтага будынку. Пасля 7 верасня маленькі касцёл будзе канчаткова збураны і на яго месцы зробяць паркінг. Пасля 20 гадоў існавання гэтага месца, прыйшоў час развітвання.

 

dziewiatouka kaplica-32

«Дзень 7 верасня мы выбралі не проста так», - кажа пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў, рэдэмптарыст, - “у канцы жніўня 1994 г. тут адбылася першая св. Імша. Сёлета, роўна 20 гадоў пазней, тут адбудзецца апошняя”. Святар кажа, што ўсім парафіянам, зразумела, баліць сэрца. Разам з ім гартаем кнігі хростаў: 1994 г. – 5 чалавек, 1995 – 57, 1996 – 75, 1997 – 86…2009 г. – 179 ахрышчаных. За 15 гадоў выкарыстання капліцы тут было ахрышчана 1809 чалавек, прыняло камунію каля 2000 тыс. і ўзяло шлюб каля 800 пар. Не дзіўна чаму людзям баліць сэрца за тое, што храм, з якім у іх столькі агульнага, больш не можа існаваць.

dziewiatouka kaplicadziewiatouka kaplica-2dziewiatouka kaplica-3

А. Дзмітрый распавёў, што алтар з капліцы будзе галоўным помнікам гэтай святыні. “Мы яшчэ не ведаем дакладна куды яго перанясем, але, напэўна, ён будзе ўладкаваны ў адмысловым месцы і будзе прыгадваць аб гэтым будынку”, - распавядае пробашч, - “Фігура Маці Божай, якая стаяла насупраць, застанецца на старым месцы”. На пытанне ці разам з разбурэннем капліцы зменіцца дызайн парафіяльнай старонкі святар сказаў што не. “Застанемся пры старым”, - дадаў ён. Рэдэмптарыст кажа, што святыня была вельмі сямейная. І гэтая сям’я таксама значна вырасла. Мікрараён рос і за 20 гадоў колькасць парафіян вырасла адпаведна. Лічбава колькасць вернікаў павялічылася тут прыкладна ў 2 разы.

Спадары Юрый, Алім і Тадэвуш займаюцца непасрэдным дэмантажом канструкцыі каплічкі. Першыя двое 20 гадоў таму ўдзельнічалі ў яе пабудове. Спадар Юрый на пытанне ці цяжка бурыць святыню лаканічна адпавядае: “Ломать – не строить”. Ён кажа, што першапачаткова капліцу будавалі на 5-6 гадоў. “Фундамент залівалі, лічы, у чыстым полі. Вось дамы насупраць ужо былі. А ўжо за намі не было нічога: ні польскай школы, ніякіх дамоў, проста нічога. То бок зямлю мы атрымалі ў полі за горадам”, - распавядае колішні будаўнік капліцы.

dziewiatouka kaplica-22dziewiatouka kaplica-23dziewiatouka kaplica-26

Спадар Юрый ацэньвае стан капліцы як вельмі добры. Мужчына кажа, што “прастаяла б яшчэ столькі ж”. Прызнаецца таксама, што не асабліва хацеў займацца дэмантажом будынку, але хтосьці мусіць гэта зрабіць. “Дух Св. застанецца. Каб ні Ён, дык нікога б тут не было”, - дадае спадар Тадэвуш.

dziewiatouka kaplica-27

Пытаюся ці прыходзяць людзі дапамагаць. Суразмоўцы распавядаюць, што не асабліва. Калі будавалі, дык больш прыходзіла. “Адна жанчына прыйшла дапамагаць, дык не магла працаваць. Цяжка ўсё гэта”, - кажа Юрый, - “можа па-гэтаму і не прыходзяць”.

dziewiatouka kaplica-14dziewiatouka kaplica-15dziewiatouka kaplica-16

Побач адной гары з дошкамі бачу хлопчыка, які пыхціць над нейкім заданнем. Аказваецца, што гэта сын спадара Юрыя. “Як будавалі капліцу, дык мяне яшчэ не было, я толькі ў 2002 г. нарадзіўся”, - кажа Ваня. Хлопец распавядае, што быў тут ахрышчаны і памятае як прыходзілі сюды маліцца. Аднак яго сентымент да гэтага будынку, натуральна, нашмат слабейшы чым у яго таты.

dziewiatouka kaplica-19dziewiatouka kaplica-20dziewiatouka kaplica-29

Спадар Алім успамінае, што як залівалі фундамент пад капліцу, дык тут навокал было поле кукурузы. “Як усё гэта рабілі, то не верылася, што калісьці тут побач паўстане вялікая святыня”, распавядае былы будаўнік, - “Але, як кажа наш ксёндз, у Бога няма нічога немагчымага”.

dziewiatouka kaplica-24dziewiatouka kaplica-18dziewiatouka kaplica-21

Развітваюся з маімі суразмоўцамі. Супольны здымак на памяць і касцёл з капліцай застаюцца за плячыма. З будынкамі як з людзьмі: іх будуюць, яны служаць, іх бураць і застаецца толькі памяць. І хоць для кожнага хрысціяніна няма нічога важнейшага за Хрыста, але па-людску мы ўсё ж сумуем па старых дарожках, камянях і сценах. А што казаць пра святыні, з якімі звязаны нашыя самыя цёплыя ўспаміны.

dziewiatouka kaplica-28dziewiatouka kaplica-30dziewiatouka kaplica-34

 

Арцём Ткачук