Skip to main content

ХХ Звычайны Тыдзень. Кс. Алег Пятрашка

Калі чытаем гэтыя словы ў сённяшнім Евангеллі, то кідаецца ў вочы тое, што Пан Езус нібыта не чуе гэтую жанчыну, якая прыйшла, каб прасіць за сваю апантаную злым духам дачку. Чаму? Жанчына гэтая не была габрэйкай, гэта мы бачым у апісанні, але ці Пану Езусу зусім не было шкада яе і яе дачкі?

Пан Езус любіў яе не менш чым каго-небудзь з выбранага народу. Ён прыйшоў, каб споўніць запавет, абяцанне, дадзенае Яго Айцом гэтаму народу. Ягоныя словы і ўчынкі павінны былі дакрануцца да сэрцаў людзей, прыгатаваных праз вякі, але нечага гэтым людзям не хапала. Чаго?

Калі апосталам ужо надакучылі енкі гэтай жанчыны, яны папрасілі, каб Ён што небудзь зрабіў, каб неяк вырашыў сітуацыю. Пасля гэтага Госпад кажа словы, пра якія апосталы добра ведалі: “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля”. А яна падыйшла і пакланілася Яму, нягледзячы на тое, што Пан Езус рабіў выгляд быццам яе не заўважае. Жанчына, кіруючыся сваёй верай і моцнай любоўю да дачкі, не переставала прасіць.

Напэўна, гэтая жынчына бачыла моц зла, якая нішчыла яе дзіця, чула пра Пана Езуса, які выганяў злых духаў з людзей, і пайшла шукаць Яго, як апошняга паратунку. Мы не ведаем, колькі розных чараўніц і магаў яна абыйшла, шукаючы дапамогі.

Але што чуе гэтая жанчына з вуснаў Езуса? “Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”.

Так сапраўды гэтыя словы павінныя былі пакрыўдзіць жанчыну. Гэта, напэўна, было выпрабаванне веры, ці яе ганарыстасць зможа быць скрушана, ці яна, пачуўшы такія словы, з пакорлівасцю прыме іх.

Мы таксама часта чуем словы, якія нам кажа Пан Езус, праз святара на споведзі, праз пробашча падчас казання, праз чалавека веруючага, які кажа нам, што нельга так рабіць, як мы робім. Гэтыя словы раняць не нас, а наш эгаізм, нашу ганарыстасць, і рэакцыя тады вельмі прадказальная. Жанчына на гэтыя слова Езуса адказала з вялікай верай: “Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.”

Паважаныя чытачы, на колькі трэба было быць змучанай, каб будучы не габрэйкай, не пазнаўшы да канца, а можа і ўвогуле Бога, дайсці з любоўю да таго, каб убачыць Любоў, якой ёсць Хрыстос? Як па мне, то гэта пастава выклікае сорам за мяне самога перад Богам, бо мы вельмі часта паступаем як дзеці гэтага свету, а не Дзеці Святла, ведаючыя Езуса.

Жанчына атрымала тое, што прасіла: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.”

А ці я магу так прыйсці да Езуса і з такой верай папрасіць Яго? Не для сябе, нават не для сваіх родных, а, напрыклад, аб дары веры для таго, хто мяне на гэтым тыдні пакрыўдзіў?