Гэта тыдзень цішыні, які дае бацькам магчымасць добра падумаць і прыняць канчатковае рашэнне: жыццё ці смерць. Рэспубліканская акцыя «Разам у абарону жыцця» або «Тыдзень без абортаў» пройдзе ў Гомелі.
Як паведамілі ва Ўпраўленні аховы здароўя аблвыканкама, плануецца, што ў верасні акцыя пройдзе ў медустановах абласнога цэнтра, а пазней - у раёнах Гомельскай вобласці.
Мяркуецца ўдзел у акцыі актывістаў грамадскага аб'яднання «Выратаванне немаўлятаў», а таксама прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, якія будуць інфармаваць жанчын аб фізіялагічных, псіхалагічных і духоўных наступствах аборту.
Дакладныя даты акцыі плануецца назваць у канцы жніўня.
Нагадаем, да канца года акцыя «Разам у абарону жыцця», якая прадугледжвае адмову на тыдзень ад правядзення абортаў, пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Мерапрыемства накіравана на фарміраванне станоўчага стаўлення моладзі да цяжарнасці, усвядомленага мацярынства і бацькоўства. Дарэчы, тыдзень без абортаў не парушае правы жанчыны. Гэта тыдзень цішыні, які дае жанчыне магчымасць добра падумаць і прыняць рашэнне. Аднак акцыя не распаўсюджваецца на тыя сітуацыі, калі аборт неабходна тэрмінова правесці па медыцынскіх паказаннях.
Дарэчы, усяго ў 2013 годзе ў Беларусі нарадзіліся 118 тысяч дзяцей - гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў.
Паводле katolik-gomel.by