Skip to main content

Рэпартаж з урачыстасці ў Росіцы

Росіца зноў кліча! У Росіцы, што ў Верхнядзвінскім раёне, 1-2 жніўня адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню памяці блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

 

“Зімовы цуд”

Нагадаю коратка чытачам, што гэта за блаславёныя. Падчас апошняй вайны ў лютым 1943 года нямецкія карнікі праводзілі антыпартызанскую карную аперацыю пад назвай “Зімовы цуд”.

У ёй удзельнічала 7 латвійскіх батальёнаў, а таксама ўкраінская і літоўская роты СС. Карнікі ставілі за мэту знішчыць мясцовае насельніцтва, каб пазбавіць партызан падтрымкі.

16 – 18 лютага гэта навала дайшла і да Росіцы. За тры лютаўскія дні карнікі цалкам спалілі вёску і 1528 яе жыхароў. У агні загінулі тады і два каталіцкія святары – Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Карнікі прапанавалі захаваць ім жыццё, але яны адмовіліся пакінуць сваіх парафіян і разам з імі прынялі пакутніцкую смерць.

У памяць аб тых падзеях у Росіцы два разы на год – у лютым і жніўні ўспамінаюць блаславёных мучанікаў Антонія і Юрыя. Росіца так і не здолела вярнуць сабе даваенны лік жыхароў, а зараз насельніцтва тут змяншаецца, як і ў цэлым па краіне. Цяпер у Росіцы жыве каля двухсот чалавек, таму ў дні ўрачыстасцяў колькасць людзей у Росіцы ўзрастае ў некалькі разоў.

Мой шлях у Росіцу

Сярод моладзі, і не толькі моладзі, з кожным годам набываюць папулярнасць пешыя пілігрымкі ў Росіцу. Вось і сёлета сюды прыйшлі пешыя пілігрымкі з Барысава, Друі і Полацка, а таксама прыбыла велапілігрымка з Жодзіна.

Вернікі з Барысава прайшлі каля трохсот кіламетраў, да іх далучыліся і глыбоцкія вернікі. Шмат хто з іх далучаецца не ў Глыбокім, а едзе ў Барысаў, каб адтуль разам з усімі прайсці гэты шлях.

У гэтым годзе я таксама хацеў да іх далучыцца, але абставіны на працы не дазволілі.

Тады я вырашыў праехаць самастойна гэты шлях на веласіпедзе. Ніколі раней не ездзіўшы на такія вялікія адлегласці, я хваляваўся, ці змагу я гэта зрабіць. Ды і знаёмыя казалі мне, што не вытрымаеш такой дарогі. Але з Божай дапамогай усё магчыма.

Выехаўшы ў 8 гадзін раніцы з Глыбокага, я ў 6 гадзін вечара дабраўся да Росіцы.

Дарога далася мне нескладана, калі не лічыць апошніх кіламетраў, каля я ўжо выехаў з Сар’і. Там ужо сапраўды чулася стома, балела цела, але калі я пабачыў вежы росіцкага касцёла, да мяне як бы вярнулася другое дыханне. Я быў шчаслівы, што паспеў на Імшу для пілігрымаў, спазніўшыся толькі на хвілін дзесяць – пятнаццаць. 

"Свет будзе жыць, калі ёсць яшчэ такія людзі”

Што мяне адразу ўразіла ў касцёле, дык гэта тое, што там было шмат моладзі. Такое не часта можна пабачыць у беларускіх святынях, дзе часцей большасць вернікаў – людзі сталага ўзросту.

На пачатку ўрачыстасцяў да пілігрымаў звярнуўся пробашч росіцкай парафіі айцец Чэслаў Курэчка МІС. Ён адзначыў: “Глядзеў я на вашыя твары – радасныя, прыгожыя, пабожныя - і падумаў, што наш свет будзе жыць, калі ёсць яшчэ такія людзі.” Далей ён адзначыў, як прыгожа выглядаюць маладыя хлопцы, якія ў ХХІ стагоддзі пабожна стаяць на каленях каля алтара. Гледзячы на гэту моладзь, – падкрэсліў святар, я ўпэўнены, што касцёл у Беларусі будзе жыць.

Зрабіць правільны выбар у жыцці

Імшу для пілігрымаў узначаліў пробашч жодзінскай парафіі Міхаіл Цвячкоўскі МІС. У сваім слове да пілігрымаў ён узгадаў тэму выбару, адзначыў, што менавіта ў гэтым касцёле адбываўся выбар ксяндзоў Антонія і Юрыя.

Бог даў чалавеку права выбіраць, але часам ад гэтага права залежыць яго далейшае жыццё. Росіцкія пакутнікі таксама мелі гэты выбар – яны маглі захаваць сабе жыццё, але ці змаглі б тады яны спакойна жыць са сваім сумленнем, і як бы цяжка было ім глядзець у вочы іншым вернікам. Таму яны вырашылі да канца раздзяліць са сваімі вернікамі іх лёс. Таму, – падкрэсліў святар, – росіцкі касцёл, гэта асобае месца, дзе мы павінны вучыцца рабіць правільны выбар у жыцці.

Пасля Імшы пілігрымы адправіліся на вячэру, якую ў гэтым годзе арганізавалі за касцёлам. Там былі расстаўленыя свежазробленыя лаўкі і сталы. Наогул, хацелася б падзякаваць айцу Чаславу за клопат, які ён праяўляе да росіцкіх пілігрымаў.

Абараніць сям’ю і дзяцей

Пасля вячэры росіцкія ўрачыстасці працягваліся – грэкакатолікі выканалі Акафіст, вернікі распачалі падрыхтоўку да споведзі. Споведзь праходзіла адначасова ў некалькі месцах, і жадаючых ачысціць сваю душу ад грахоў было шмат.

Далей у касцёле распачалася фармацыйная сустрэча пад назвай “А слова сталася целам”. Такія сустрэчы плануецца зрабіць у Росіцы традыцыйнымі.

У гэты раз Росіцу наведала сям’я Наталлі і Івана Пузанавых, якія прадстаўляюць пралайфаўскі рух – фонд “Адкрытыя сэрцы”.

Паколькі ў касцёле было шмат моладзі, сужэнства ўдзяыліла ўвагу праблемам сучаснай сям’і, асабліваю ўвагу ўдзяліўшы абортам, якія інакш можна назваць забойствам. Выступоўцы адзначылі Росіцу як асаблівае месца, дзе пытанні абароны чалавечага жыцця стаяць найбольш востра. Яны асаблівым чынам шукалі вечнасці.

Апоўначы распачалася галоўная Імша росіцкіх урачыстасцяў. Яе ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Ардынарыя на пачатку Літургіі прывітаў росіцкі пробашч айцец Чэслаў Курэчка. Ён адзначыў, што ксёндз Алег, яшчэ будучы простым святаром, вадзіў сюды пілігрымкі. Айцец адзначыў, што біскуп Алег і зараз часта бывае ў Росіцы, прычым не толькі як іерарх, але як просты вернік, каб аднаму памаліцца ў цішыні святыні, лежачы крыжам перад абразом росіцкіх блаславёных.

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег узгадаў тыя страшныя лютаўскія дні 1943 года і папрасіў прысутных уявіць, аб чым тады думалі людзі, якія ведалі, што заўтра павінны памерці. Яны, – адзначыў святар, – не думалі аб нечым матэрыяльным, яны асаблівым чынам шукалі вечнасці.

Таму, знаходзячыся ў гэтым касцёле, дзе сотні людзей са сваімі святарамі чакалі смерці, мы павінны крыху інакш паглядзець на сваё жыццё, акрэсліць для сябе, што для нас ёсць галоўным у жыцці. “І няхай жа ахвяра росіцкіх пакутнікаў дапаможа нам знайсці праўдзівы адказ, так, як яго знайшлі благаслаўлёныя пакутнікі, якія былі ўпэўнены, што, губляючы сваё жыццё, яны не губляюць свайго існавання,” – падкрэсліў віцебскі ардынарый.

Пасля Імшы вернікі з запаленымі паходнямі і свечкамі накіраваліся да месца пакутніцкай смерці блаславёных разам са сваімі прыхажанамі. Стоячы на другім баку возера, я назіраю, як вялікая вогненная рака плыве па дарозе ад касцёла. Вернікі памаліліся на месцы трагедыі і пакінулі каля крыжа свае свечкі.

“Выпрабаванні –праверка нашай вернасці”

Малітвы ў касцёле працягваліся ўсю ноч. Хтосьці адпачываў, яго замяняў іншы. Шмат хто з пілігрымаў адпачываў проста ў сценах святыні. Раніца ў касцёле распачалася спевам гадзінак да Маці Божай.

Потым грэкакаталіцкія святары адслужылі Імшу паводле ўсходняга абраду. Для вернікаў прайшлі дзве канферэнцыі “Сустрэча з Божым словам” і “Сустрэча з Касцёлам”.

Заключную Імшу, якая адбылася апоўдні 2 жніўня, правёў ксёндз Вячаслаў Барок, гамілію прамовіў прадстаўнік айцоў-марыянаў а. Тадэвуш Бычкоўскі МІС.

У ёй ён закрануў пытанне таго, ці змаглі б мы паўтарыць подзвіг бласлаўлёных. Напэўна, кожны з нас не раз задаваў сабе такое пытанне, – адзначыў святар. Не кожны чалавек здольны быць пакутнікам, але з Божай дапамогай можна прайсці ўсе выпрабаванні. Яны “…праверка нашай вернасці. У цярпеннях у нас апускаюцца рукі. У такія моманты нам нічога не застаецца, як толькі яшчэ раз паглядзець на крыж і Укрыжаванага Хрыста на ім”.

Росіца запрашае

Госці Росіцы адзначаюць, як папрыгажэла Росіца ў апошнія гады. У гэтым вялікая заслуга пробашча айца Чэслава.

Святар жа ў сваю чаргу кажа, што толькі дзякуючы падтрымцы вернікаў, іх працы, ахвярам, узаемапаразуменню з мясцовай уладай, сталася магчымай такая прыгажосць. “Я хацеў пасадзіць тут плакучыя вербы, як сімвал смутку, – кажа айцец Чэслаў, – дык не прыжыліся. Відаць, бласлаўлёныя не хацелі, каб мы шмат сумавалі, яны разам з намі з нябёсаў радуюцца таму, як расквітнела Росіца.

” Я спытаў некалькі вернікаў, сярод якіх былі госці з Мінску і Рыгі, а таксама жыхары навакольных вёсак, што іх прыцягвае ў Росіцу. Усе адзначаюць, што гэта асаблівае месца, тут пралілася бязвінная кроў, гэта вельм намоленае месца, бо толькі перад смерцю чалавек можа шчыра маліцца, і гэта месца прыцягвае людзей зноў і зноў. Той, хто тут пабываў, абавязкова будзе сюды вяртацца, – адзначылі мае суразмоўцы. Для сябе я таксама вырашыў, што ў наступным годзе, калі Бог дазволіць, зноў наведаю гэта месца.

Таму хочацца скончыць гэты артыкул словамі, якімі запрашалі пілігрымаў на свята: “Росіца зноў кліча!”

Тэкст: Зміцер Лупач,
Здымкі: Кацярына Лаўрыненка, Зміцер Лупач.
catholicnews.by