Skip to main content

Ва ўрачыстасць св. Анны адбыўся парафіяльны адпуст у Глебавічах

img 0103Згодна з традыцыяй, адпуст св. Анны адбыўся 27 ліпеня ў парафіяльнай капліцы, што ў Глебавічах. Штогод а 15 гадзіне ў вёску ўваходзяць пілігрымкі з Малой Бераставіцы і Макараўцаў, а таксама з Індуры. Усё больш людзей прыязджае на аўтамабілях з блізкіх парафій і Гродна - сабралася больш за тысячу верных. Надвор'е стаяла цудоўнае, таму вернікі маглі маліцца на горцы ў Глебавічах на фоне прыгожага жніўнага поля. 

Адпустовую св. Імшу на гары св. Анны пры старадаўняй капліцы цэлебраваў кс. Павел Астукевіч з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры, а таксама кс. Міхал Ластоўскі з Капцёўкі. Кс. др Юрый Павайба з Сапоцкіна  сваю гамілію прысвяціў жыццю св. Анны. Бацькі Марыі - гэта ўзор сапраўдных выхавацеляў, якія заўсёды прасілі дапамогі толькі ў Бога. "Гэта найлепшыя апекуны, яны з'яўляюцца прыкладам да рэлігійнага выхавання дзяцей і ўнукаў. Сённяшні свет асабліва патрабуе добрых, веруючых і радасных бабцяў і дзядоў", - казаў у гаміліі кс. Юрый. Традыцыйна пасля св. Імшы святары асвяцілі аўтамабілі.

Ад імя парафіянаў з Глебавічаў, Одлі і Саросек дзякую ўсім, хто дапамог нам супольна перажыць адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Анны. Сардэчна запрашаем усіх праз год!

кс. пробашч Павел Астукевіч