Skip to main content

XVII Звычайная Нядзеля. Кс. Алег Пятрашка

Калі мы чытаем гэтае Слова Пана Езуса, то, напэўна, яно выклікае ў нас усмешку. Мы лічым дзіўнымі паводзіны тых людзей, пра якіх кажа нам Бог. Хто з нас, знайшоўшы скарб, зарыты ў зямлі, будзе зноў яго закапваць, а потым пойдзе прадаваць ўсё, што мае, каб купіць гэта поле і выкапаць гэты скарб?

Або як той чалавек, ці не дзіўны паводле нашага меркавання, які ўбачыў пярліну і прадае ўсё, што мае і купляе яе. Пытанне – навошта? Як абысціся ў сённяшнім свеце (а нават і ў часы Пана Езуса) без хаты? Без каня, аўтамабіля? Без поля, якое корміць? Без усяго таго, што неабходна на штодзень?

 

Але варта вярнуцца да першых слоў Пана Езуса ў сённяшнім Евангеллі. «Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу (...), да пярліны...”. Езус заклікае нас да такіх дзеянняў і ўчынкаў, якія могуць быць дзіўнымі ў вачах гэтага свету. Дзеля чаго? Дзеля асягнення Божага Валадарства.

Калі мы знаходзім Божае Валадарства ў добрым учынку або ў добрым слове другога чалавека, то мы не можам жыць толькі і выключна тым, што гэты чалавек кажа, але мы хочам менавіта пайсці і пазнаць, хто ён і ці ў яго жыцці Слова Божае жывое, ці ён ім жыве? Або калі Бог заклікае нас, каб мы вырвалі злы плён з нашай душы, то мы ня можам вырваць толькі адзін куст зелля, але пайсці і зрабіць рэвізію ўсяго “поля нашай душы”, і калі ўбачым прыгожы і якасны плён засеянага Слова Бога (скарб), не задаволімся толькі лёгкай выпалкай. Таму ніколі Валадарства Божае не можа нас задаволіць ў сваім мінімуме. Яно або ёсць і мы прыналежым да яго, або яго няма, або мы імкнемся да Яго і аддаем усё дзеля здабычы яго, або толькі хочам задаволіцца часткай, якая не дае нам поўнага досведу таго, што Пан Езус нам прыгатаваў.

Як прыгожая пярліна, якая падштурхоўвае чалавека, які яе ўбачыў, каб усё прадаць і яе набыць, ззяе перад намі Божае Валадарства, бо або мы сыны святла, якія, знайшоўшы Бога ў сваім жыцці, гатовыя ахвяраваць ўсё што мае каштоўнасць і вартасць ў гэтым свеце, або мы тыя, хто лічыць, што не варта адмовіцца ад “радасцяў” гэтага свету. Што мне бліжэй да сэрца, імкненні да багацця і радасць з золата, якое бавіць вока толькі нейкі час, ці святло Пярліны, чысціня якой не можа ўявіць наша вока?

Калі адкажам на гэта пытанне, то зразумеем словы сённяшняга Евангэлля. Таму чалавек, які знайшоў Божае Валадарства, не можа задаволіцца толькі ягонай часткай, бо Божае Валадарства - гэта і тое, што мае прыгожы блеск як блеск скарбу, але і штодзённы цяжар духоўнай працы, на падабеснтва працы земляроба ў полі. А земляроб без поля не можа існаваць.

Таму, каб здабыць Божае Валадарства, не дастаткова прыналежыць трошачкі да гэтага свету і часам да Валадарства Пана Езуса, або аддаем усё Яму і даваряем, што Ён паклапоціцца пра нас, або тое, што зямное, будзе нас трымаць і не захоча аддаць нашаму Валадару. Выбірай, дружа, што табе бліжэй!