Skip to main content

Гісторыя аднаго крыжа

img 6294Пагрызены паразітамі, пазелянелы, але з выгляду кволы крыж як быццам быў забыты цывілізацыяй дзесьці ў лесе пад в. Скелдычы. Пра яго існаванне сёння ведаюць толькі мясцовыя. Аднак, узгадка пра гэты “крыж з Беразіны” выклікае шмат прыемных успамінаў і доўгіх расповедаў у тутэйшых старажыльцаў. Застаўшыся на закінутай дарозе, крыж забраў з сабою кавалак гісторыі.

Вёска Скелдычы Шчучынскага раёна сёння лічыць сямнаццаць хат, сярод якіх большасць ужо пустая. Раней адсюль у старое мястэчка Новы Двор было дзве дарогі – шырокая шаша для аўтатранспарту і т.зв. шлях на Беразіну, г.зн. напрамкі праз лес, які выкарыстоўваўся сялянамі штодзённа.

 

Крыж на Беразіне паставіў больш за 100 год таму дзед мясцовага дзядзькі Эдка. У таго часта паміралі малыя дзеці, менавіту таму ён вырашыў паставіць гэты сімвал. З паўстагоддзя таму крыж у зямлі перагніў і зваліўся на зямлю. Яго паднялі і проста абаперлі аб бярозу. Так ён стаіць і да сёння.

Людзі ўспамінаюць, як ідучы ў Новы Двор па справах, у школу ці ў касцёл заўсёды на гэтым месцы рабілі знак крыжа і часам чыталі кароткую малітву. Калі ехала працэсія з нябожчыкам на мясцовыя могілкі, дык традыцыяй таксама быў прыпынак на малітву ў гэтым месцы. Гэты крыж быў непарыўна звязаны з гэтай дарогай, з жыццём тутэйшых жыхароў.img 6290

Шлях на Беразіну не ўжываецца людзьмі ўжо шмат гадоў. Сёння, каб дабрацца да яго, трэба пераадолець высокі зараснік асоту, трымацца ўжо амаль нябачнай сцежкі зарослай кустоўем і месцамі парытай дзікамі. Шлях у Новы Двор цалкам перайшоў на гравейную шашу. Каля новай дарогі таксама стаіць крыж, і нават два: стары і новы. Аднак хуткасць машыны не дазваляе зняць шапку і адгаварыць кароткі пацер. Толькі хуткі знак крыжа дзядуляў і бабуляў нагадвае пасажырам аўто пра мінёныя вясковыя крыжы.

Беларусь зрабілася іншай. І хоць розніцы няма, але сімпатыя мясцовых да крыжа з Беразіны бачна. Перад намі застаецца новая дарога Касцёла і новыя крыжы. Галоўнае, каб крыжы і шляхі, якія заставіць наша пакаленне, выклікалі такую ж павагу і гонар, якія выклікаюць сцежкі нашых дзядоў і бабуляў.

Арцём Ткачук