Skip to main content

Віцебская пілігрымка мяне змяніла: апошняе "Вова разважае"

dsc00430Менш за тыдзень прайшло, як я вярнуўся з пілігрымкі Віцебск-Будслаў. Эмоцыі і ўражанні трохі згаслі, адпачыць ужо паспеў. Мяркую, што трэба падвесці вынік, абагульніць усе тыя разважанні, якія пісаў на працягу пілігрымкі.

Мой сябра некалькі дзён таму, падчас вяселля, пытаецца: “Адчуваеш?” А я не разумею, што ён хоча ад мяне. Пачаў прынюхвацца да пахаў, здаецца, што ўсё добра, а ён яшчэ раз кажа: “Адчуваеш?” А потым: “Духа Святога адчуваеш? Бо Ён прыйшоў.” Штосьці падобнае было на працягу ўсёй гэтай пілігрымкі. Было добра і дрэнна, весела і сумна, а Дух Святы проста быў і ўсё. Па праўдзе, я Яго не бачыў, а кажу так толькі з-за сваёй саманадзейнасці. Але маю пачуцце, што адбыўся цуд.

Спачатку аб зямным.

Кажуць, што трэці дзень - пераломны, што, калі пройдзеш яго, то ўжо ўсё роўна, колькі яшчэ трэба пераадолець. Не ў гэтым выпадку. Вырашальны дзень не надыйшоў. Пачуццё болю ў нагах знікла толькі на восьмы дзень. Але пераломным стаў шосты дзень нашай пілігрымкі. Тады мы прайшлі каля 40 кіламетраў. Фізычны стан быў не самы лепшы, бо адпачыць арганізму амаль што не магчыма, калі прачынаешся кожнай раніцы ў пяць.

Несучы стомленасць першых пяці дзён, я вельмі шчыра радаваўся з таго, якое было надвор’е - не смажыла, не падаў дождж.

У той вечар мяне амаль што тры разы Бог абламаў:

1) Добрым надвор’е было толькі да таго моманту, калі я ўзяў калонкі і першы раз за пілігрымку паклаў заплечнік з дажджавіком у бус, які ўжо паехаў на месца нашага начлегу. Мяне добра намачыла.

2) У школе, дзе мы павінны былі ночыць, пафарбавалі падлогу. Гэты факт сам па сабе нядрэнны, хай фарбуюць, але прыйшлося спаць у намётах. Да намётаў я таксама стаўлюся добра, толькі свядомаць таго, што ноччу можа пайсці дождж, не пакідала мяне ў супакоі.

3) У гэты дзень павінна была быць малітва праслаўлення. З-за агульнага стану пілігрымкі, а менавіта: стомы, патрэбы ва ўзвядзенні намётаў гэтай малітвы не было. Я стаяў і грузіўся гэтым усім, бо ў маёй галаве гэта усё павінна было выглядаць інакш. Потым паблагаславіў. І здівіўся, што так хуценька на месца майго суму прыйшла радасць.

Па-першае, дажджу ноччу не было і я не змерз. Па-другое, так добра выспаўся я толькі ў гэты дзень. Па-трэцяе, малітва была, але ў наступны дзень. Потым быў цудоўны ранак з абуджэннем пад “В Твоём святом присутствии” і пірагом з нагоды імянін а. Томаша і Іны. Як вы бачыце, ніхто і нічога акрамя мяне ў той вечер не змянілася, але свет пачаў выглядаць зусім інакш.

Перастаўшы займацца сабой, я пачаў бачыць прыклады любові. Усё проста: прынеслі, паднеслі, пачакалі, падаравалі марозіва, бабулю каля дарогі абнялі. Гэта звычайнае, але сэрца маё ад гэтага моцна ўзварухнулася. І можа пачало таксама любіць. Пра гэты цуд я і казаў.

У апошні дзень было хуткае развітанне з пілігрымкай, бо трэба было бегчы на цягнік, які завёз мяне на вяселле ў Гродна. Я атрымаў вопыт Майсея: нікога нікуды не вывеў, але разам з усімі ў Будслаў не ўвайшоў.

Віцебская пілігрымка мяне змяніла. Не ведаю дакладна як, але адчуваю, што Ён прыйшоў і быў побач.

Вова Крупенка