Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у святкаванні дня горада

14 чэрвеня адзначалася свята 570-годдзя горада Іўе. Традыцыйна іўечане і госці распачалі святкаванне малітвай у гарадскіх святынях: католікі — у касцёле св. Апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўныя — у царкве св. мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, мусульмане — у мячэці. Святую Імшу ў парафіяльным касцёле Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў інтэнцыі еднасці народаў і міру у роднай краіне цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

 

Пасля малітвы ўдзельнікі свята прайшлі ў працэсіях па вуліцах горада і сышліся на плошчы, дзе знаходзіцца памятны знак з чатырох белых стромкіх арак, ў гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны. Кожная з арак павернута да святыні або месца малітвы адпаведнай канфесіі — каталіцкай, праваслаўнай, мусульманскай і іўдзейскай. Гэтыя працэсіі кожнай з канфесій сведчаць пра згоду і супакой у народзе, дзе ўсе любяць адзін аднаго і жадаюць быць добразычлівымі і спагадлівымі.

Урачыстае адкрыццё свята горада адбылося ўласна пры памятным знаку ў цэнтры горада, дзе да ўсіх прыбылых гасцей з краіны і з-за мяжы звярнуліся прадстаўнікі гарадскіх уладаў і канфесій.

Біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што супольнае пражыванне ў гэтым горадзе вызнаўцаў розных рэлігій сведчыць пра «еднасць у разнастайнасці». Як дадаў іерарх, «кожны народ мае права на развіццё, і нават калі часам мы раздзяляемся, то гэта толькі для таго, каб адзначыць сваю вартасць, багацце і еднасць». Паводле біскупа, свята горада з’яўляецца нагодай, каб паглядзець з надзеяй на дзяцей і моладзь ды ўдзяліць увагу старэйшаму пакаленню.

Святкаванне дня горада працягнулася да позняга часу. У праграме быў падрыхтаваны гістарычны інсцэнізаваны экскурс, ушаноўванне жыхароў, якім было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Іўе», адкрыццё лыжаролернай трасы, творчыя канцэрты гарадоў-пабрацімаў, калектываў раёна і вобласці, а таксама водна-піратэхнічнае шоў.

Паводле Сatholic.by