Цырымонія адкрыцця і авсячэння скульптурнай кампазіцыі на месцы зруйнаванага храма адбылася 7 чэрвеня, у другі дзень Фестывалю нацыянальных культур.
Памятны знак уяўляе сабой дзве каменныя напаўразбураныя аркі з выяваю каталіцкага і праваслаўнага крыжоў. Аўтарамі кампазіцыі, якая будзе нагадваць гарадзенцам ды гасцям горада аб узарванай больш за 50 год таму галоўнай каталіцкай святыні горада над Нёманам, з’яўляюцца скульптар Сяргей Більдзюк і архітэктар Аляксандр Захарчук.
Помнік асвяцілі кс. Біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі і арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
Кс. бп Аляксандр адзначыў, што ўсё ў зямным жыцці мае свой пачатак і сваё заканчэнне, толькі Бог ёсць вечны. Іерах падкрэсліў, што ўсталяваны памятны знак з’ўляецца своеасаблівым сімвалам вечнасці, святым з’ўялецца і месца, на якім некалі ўзвышаўся велічны храм.
- Адвечны Бог у сваім неспазнаным провідзе своеасаблівым чынам спалучыў у гэтай святыні дзве брацкія канфесіі: каталіцкую і праваслаўную. На працягу стагоддзяў тут адбываліся хрысціянскія набажэнствы і засяроджвалася жыццё першай у Гродне каталіцкай парафіі. Гісторыя гэтага месца дакладна адлюстроўвае перамены, якія адбываліся ў жыцці нашага грамадства: росквіт, пажары, знішчэнні, пасля якіх ізноў прыходзілі часы супакою і адбудовы. Гэтае месца – месца памяці аб нашых хрысціянскіх каранях – падкрэсліў іерарх.
Кс. бп Аляксандр таксама выказаў спадзеў, што праз асвячэнне помніка-знака, месца, на якім некалі ўзвышалася святыня, будзе не толькі месцам успаміну, але і напаміну аб ушанаванні кожнага храма, аб узаемнай пашане вернікаў розных веравызнанняў.
- Няхай гэты помнік-знак будзе заклікам для ўсіх нас да захавання вернасці Хрысту і яго запаведзям, - казаў кс. бп. - Шчыра дзякую ініцыятарам, свецкім уладам і усім тым, хто спрычыніўся да ўрачыстасці. Будзем клапаціцца аб захванні нашых традыцый, аб будучыні нашага горада і росквіце нашай роднай зямлі, - заклікаў іерарх.
Гражына Шалкевіч