Skip to main content

Нядзеля Спаслання Духа Святога. C. Антонія Шэйгерэвіч

Сёння Касцёл адзначае вялікую ўрачыстасць – Спасланне Духа Святога, на Якога мы чакалі ажно 50 дзён. У пасланні да Галатаў святы Апостал Павел піша аб пладах Духа Святога “любоў, радасць, супакой, церпялівасць, спагада, дабрыня, вернасць, лагоднасць” (Гал 5,22).

У сённяшнім Евангеллі апостала Яна Хрыстос звяртаецца да вучняў, якія былі сабраныя разам у доме, дзверы якога былі зачыненыя на ланцуг (так гаворыць нам дзеяслоў з грэцкай мовы) “з-за страху перад юдэямі” – “Супакой Вам!” Сапраўды і сёння кожнаму з нас хочацца пачуць гэтыя словы Хрыста – "Супакой вам!" Як шмат у нашым сэрцы мітусні, страху, недаверу, беспарадку.

Сапраўдны супакой – гэта ласка Духа Святога і Ён нам яго дае кожны дзень, падчас святой Эўхарыстыі чуем некалькі разоў гэтыя словы, але ці сапраўды чуем. Ці чуем іх нашым сэрцам, бо калі нашае сэрца напоўнена супакоем Божым, няма ў нашым жыцці пачуцця страху, бо ведаем, што Бог блізка і любіць нас. Калі чалавек адчувае Божую любоў – Духа Святога – ён новае стварэнне. Калі Хрыстос дае вучням Духа Святога, то стварае іх на нова, “і сказаўшы гэта, дыхнуў….прыміце Духа Святога” - як у кнізе Быцця аб апісанні стварэння чалавека (Быц 2,7), як на пачатку Бог даў свайго Духа, каб чалавек жыў, так і цяпер Хрыстос дае свайго Духа, каб чалавек сапраўды мог жыць божым жыццём.

Будзем жа прасіць Духа Святога, “дзякуючы якому ляцяць хмары і ўзносіцца паветра, камяні пакрываюцца вільгаццю і вада становіцца крыніцай, і зямля зелянее,” каб Ён увайшоў у нашае жыццё і ажывіў усё тое, што патрабуе абуджэння, каб аздаравіў нашыя раны, каб напоўніў радасцю і супакоем сэрцы, каб кожны, хто сустракае нас, мог адчуць моц Духа Святога, які чыніць усё новым.