Skip to main content

Нядзеля Спаслання Духа Святога. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сцэну з сённяшняга фрагмента Евангелля мы ведаем з дзяцінства. Чулі на занятках па катэхізісу аб вогненных языках, памятаем малюнкі, на якіх Апосталы з Багародзіцай сядзяць за сталом, а на іх галовах спачываюць языкі полымя. Мы ведаем, што так сыйшоў Дух Святы.

 

Калі ў Дзеях Апосталаў мы чытаем аповед пра гэта, нас здзіўляе такая велізарная радасць. Нас здзіўляе энтузіязм, які ахапіў апосталаў, калі яны атрымалі Святога Духа. Магчыма, у гэтым ёсць доля вар'яцтва – так, у прыватнасці думалі тыя, хто бачыў апосталаў у дзень Спаслання Святога Духа. А некаторыя выказвалі здагадку, што выбух энтузіязма ў апосталаў быў выкліканы маладым віном.

Ва ўсякім выпадку адбываецца нешта нечаканае: адчуваецца шум ветру, з'яўляюцца, як бы вогненныя языкі, гучаць зразумелыя кожнаму словы. Гэтыя незвычайныя з'явы прыцягваюць людзей з самых розных куткоў свету. Яны хочуць убачыць, што адбываецца, і, задаюцца пытаннем: якім чынам гэтыя простыя галілейцы могуць гаварыць так, што кожны чуе сваю родную мову? Паводзіны апосталаў становіцца магнітам, які прыцягвае іншых. Вучні становяцца сведкамі Уваскрослага Езуса Хрыста і разам мужна абвяшчаюць: Езус, які быў укрыжаваны, уваскрос і жыве!

Магчыма, для кагосьці гэты аповед аб спасланні Святога Духа – не больш, чым “паданні далёкай даўніны” пра першыя дні Касцёла. Магчыма, нехта разглядае спасланне Святога Духа выключна, як гістарычную падзею, якая мела месца толькі аднойчы: што агульнага з ім можа быць у нас сёння? Мы ж нарадзіліся, калі Дух ўжо быў дадзены!

Вядома, мы жывем у часы, калі Святы Дух быў ужо спасланы. Аднак гэтае спасланне Святога Духа працягваецца. Як некалі на апосталаў, так і на нас спачыў Святы Дух ў сакрамэнце хросту і ў сакрамэнце канфірмацыі. Гэта было нашае спасланне Святога Духа. Як некалі Апосталы, так і мы цяпер валодаем дарам, быць сведкамі Уваскрослага Езуса і абвяшчаць аб вялікіх Божых справах. І праз нас, таксама, Святы Дух жадае рабіць незвычайныя справы, якія будуць прыцягваць і захапляць іншых. Сёння Святы Дух таксама хоча гаварыць нашымі вуснамі на мове, зразумелай для ўсіх. Ён хоча, каб пры нашым пасрэдніцтве ўсе людзі пачулі аб вялікіх Божых справах. Праз нашае жыццё і веру Дух Божы імкнецца распавядаць і сведчыць пра ўваскрасенне Езуса. Тады і мы зможам спазнаць тую радасць і энтузіазм, чым жылі першыя вучні Хрыста.