Skip to main content

VІІ Вялікодная Нядзеля. C. Антонія Шэйгерэвіч

Далей мы з вамі паразважаем пра развітальную мову Езуса з вучнямі перад Яго ўкрыжаваннем і ўваскрасеннем. Бачым Хрыста, які просіць свайго Айца за нас, не толькі за вучняў, якія былі з ім, але таксама і за ўсіх тых, хто будзе верыць у Езуса, як Збаўцу.

Езус просіць для нас вечнае жыццё, і далей тлумачыць, што гэта азначае: “А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага сапраўднага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста” (Ян 17,3). У біблійным значэнні слова “пазнаць” азначае пазнанне не толькі розумам, але таксама захаваннем вернасці Божай волі, і, што найважнейшае, любові Бога. Калі я сапраўды кагосьці люблю, я раблю ўсё, каб больш яго пазнаць. Таксама і з любоўю да Бога: калі сапраўды адчуваю Яго любоў, то шукаю Яго прысутнасці ў сваім жыцці і хачу пазнаваць Яго праз асабістую малітву, чытанне і разважанне Святага Пісання, прымаючы Святыя сакраманты, асабліва Эўхарыстыю.

 

Яшчэ маю ўвагу засяродзілі слову Хрыста: “Я адкрыў імя Тваё людзям….Яны былі Тваімі”. У адной кнізе калісці натрапіла на месца, як малы хлопец тлумачыў, чаму Езус памёр на крыжы, - “каб мы маглі ўбачыць Яго Айца”. Вельмі трапны адказ. Бо Езус сам кажа, што адкрыў нам Імя Айца, а ў блізкаусходняй культуры – ведаць імя гэта азначала пазнаць сутнасць. Хрыстус паказаў нам любячага Айца, які аддаў свайго Сына, дзеля нашага збаўлення. Радасць напаўняе нашае сэрца, калі мы ўсведамляем, што маем такога Айца. Будзем дзякаваць Яму за Яго любоў да нас і даваць сведчанне, хто яшчэ не адчуў любові Айца Нябеснага.