Skip to main content

Св. Імша падзякі за дар святарства ў Новым Двары

29 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у парафіяльным касцёле ў Новым Двары святары, разам з кс. б-пам Юзафам Станеўскім і вернікамі, дзякавалі Богу за дар святарства.

 

У гэтым годзе вернікі навадворскай парафіі перажывалі ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана незвычайным чынам. Урачыстасць узбагаціла прысутнасць святароў на чале з біскупам. У гэты дзень па запрашэнні кс. Юрыя Кузміча, які перажываў юбілей святарскіх пасвячэнняў, сюды прыбылі святары, якія разам з ім 10 гадоў таму ў гродзенскай катэдры былі пасвечаны ў святары. Кс. Юрый Кузміч, пробашч мясцовай парафіі, кс. Віталій Вайцехоўскі, пробашч у Каменцы, кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Яўген Учкуроніс, пробашч у Дзярэчыне, і кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар “Слова Жыцця” і пробашч парафіі Гродна-Фабрычны, дзякавалі Богу за 10 гадоў святарскай паслугі.

Урачыстую св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На Імшы прысутнічалі таксама святары з дэканата і з іншых парафій, якія прыбылі ў Новы Двор, каб раздзяліць радасць з юбілярамі. На пачатку св. Імшы кс. бп Юзаф асвяціў адноўлены арган у парафіяльным касцёле. Як сказалі старэйшыя парафяне, яны чулі гукі гэтага аргана ўжо вельмі даўно, а сёння, дзякуючы намаганням мясцовага пробашча і людзей добрай волі, у парафіі зноў можна было пачуць мелодыю аргана, прысвечаную большай Божай хвале.

У гаміліі кс. біскуп заахвоціў вернікаў дзяліцца радасцю, перажываючы ўваскрасенне Езуса Хрыста. Як адзначыў іерарх, “углядаючыся ў неба, кожны павінен адчуваць сябе шчаслівым”. Чарговую частку гаміліі біскуп прысвяціў святарству, прыгадваючы нагоду супольнай малітвы, а таксама неабходнасць малітвы за святароў. “Так, як 10 гадоў таму, лежачы крыжам перад алтаром гродзенскай катэдры, – сказаў кс. біскуп, звяртаючыся да святароў, – вы чулі стук сэрца ўсяго Касцёла, так і сёння гэты стук павінен надалей застацца ў вашых сэрцах”. Ксяндзам-юбілярам біскуп, прыгадваючы словы папы Францішка, пажадаў быць святымі, нястомна служыць людзям у Касцёле і “пахнуць гэтымі людзьмі”. Сабраных вернікаў біскуп папрасіў аб малітве і прыпомніў, як менавіта дзякуючы простай малітве людзей, касцёлы на нашай зямлі не былі зачынены, нягледзячы на невялікую колькасць святароў у цяжкія моманты, як сёння, дзякуючы той малітве, у нас ужо ёсць свае, маладыя святары. Біскуп заахвочваў вернікаў не баяцца святара, ісці да яго ў кожную пару дня, бо ксёндз павінен заўсёды служыць людзям. На заканчэнне кс. біскуп заахвоціў маладых парафіян не баяцца, мець адвагу, каб пайсці за Хрыстом.

На завяршэнне св. Імшы можна было пачуць шмат словаў удзячнасці Богу, святарам і вернікам, сабраным на ўрачыстасці. А пасля – паслухаць гукі аргана ў выкананні маэстра з Беластока.

Пасля св. Імшы святары-юбіляры прыгадвалі, як 10 гадоў таму ў Гродзенскай катэдры кс. бп Аляксандр Кашкевіч удзяліў ім пасвячэнні, як тады пяць новых святароў і два дыяканы перад алтаром прасілі аб дарах Святога Духа для служэння Богу і людзям. Гамілію тады прамовіў рэктар Гродзенскай ВДС кс. бп Антоні Дзям’янка, які пералічыў галоўныя задачы святара: абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне праз сакраманты, будаванне вялікай сям’і Хрыстовага Касцёла ў еднасці са сваім людам. Ён таксама тады прыгадаў асобу бл. Генрыха Глябовіча, святара з Гродна. Кс. бп Кашкевіч пажадаў тады маладым святарам Божага бласлаўлення, а таксама нястомнасці ў стараннай службе Богу і людзям. Праз 10 гадоў гэтыя словы можна было пачуць ад вернікаў, якія сабраліся на ўрачыстасцях у Новым Двары.

 PS