Калі вы любіце Мяне, будзеце захоўваць запаведзі Мае… Гэтыя словы Хрыста прагучалі сёння падчас Літургіі Слова, як заклік да любові Бога. У Касцёле вельмі папулярная тэма любові. Часта чуем, што Бог – гэта Любоў, што Бог любіць кожнага чалавека, а мы павінны любіць Бога і бліжніх.
Аднак, мне здаецца, што сённяшні свет стаміўся проста чуць пра тое, што Бог змяняе жыццё – ён хоча ўбачыць Яго моц ў хрысціянах; свет стаміўся проста чуць пра любоў – ён хоча ўбачыць гэтую любоў. Згодзімся, што любоў да Бога праяўляецца ў тым, як дакладна чалавек выконвае запаведзі. Па тым, як мы жывем, свет пазнае ў нас сапраўдных вучняў. Ён не пазнае гэтага з нашых пропаведзяў, рамоваў і дыскусій.
Калі любіш, то ты гэта дакажаш, выконваючы запаведзі. Возьмем просты прыклад. Маладыя людзі сустракаюцца. Любяць адзін аднаго. Пастаянна думаюць пра любую сабе асобу, робяць усё неабходнае, каб правесці з ёй, як мага больш часу. Калі патрэбная дапамога, то дзе б яны не былі, чым бы яны не займаліся, у кожным часес, застаўляюць усё і дапамагаюць. Тады чалавеку, не трэба прымушаць сябе, ён робіць гэта з ахвотай.
Падобна і з Богам. Калі я люблю Яго, то я буду Яго шукаць, буду шукаць магчымасці, каб быць з Iм як мага больш часу. Чым больш мы знаходзімся ў Яго прысутнасці, тым больш нам хочацца знаходзіцца ў Ім. Богу нельга адмераць часу – адну гадзіну ў нядзелю на св. Iмшы, некалькі хвілін малітвы і ўсё, дастаткова. Бог хоча быць з намі на працягу 24 гадзін. Калі я люблю Бога, то для мяне будзе неабходным быць з разам з Iм, не з-за абавязку, а таму што жадаем мець адносіны з Ім.
Калі мы будзем моцна Яго любіць, для нас будзе прыемнай справай выконваць Яго запаведзі. Пры гэтым мы павінны ненавідзець грэх, таму што мы любім Бога і не хочам, каб нешта стаяла паміж намі. Няхай Божая ласка і Яго прысутнасць застануцца з намі ў Хрысце Езусе. Амэн.